Жураўкоў: Галоўнае прэстыж прафесіі, а не заробак
- 2.09.2016, 8:35
Міністр адукацыі спрабуе пераканаць усіх, што падвышэнне заробкаў настаўнікам - гэта не прынцыповы момант.
Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў перакананы, што з павелічэннем сумы заробку настаўнікі не павысяць якасць адукацыі. Прэстыж прафесіі педагога трэба падымаць, але адным толькі павелічэннем заробку гэтае пытанне не вырашыць. Пра гэта ён заявіў у праграме «Трэба разабрацца» на тэлеканале АНТ.
«Лукашэнка сказаў не проста павысіць заробак настаўнікам, а даць яго тым, хто добра і эфектыўна працуе», - падкрэсліў Жураўкоў.
Са слоў міністра, у сістэме адукацыі ўжо некалькі гадоў ідзе эксперымент «Нарматыўнае фінансаванне»: у адным калектыве розніца ў заробках настаўнікаў можа адрознівацца нават удвая, паведамляе tut.by. «Гэта залежыць ад таго, якую нагрузку, акрамя сваёй педагагічнай дзейнасці, выконвае яшчэ настаўнік. Пакуль мы гэта ажыццяўляем у рамках вылучанага бюджэту на сістэму адукацыі або канкрэтную вобласць», - растлумачыў кіраўнік Міністэрства адукацыі.
Між тым Жураўкоў перакананы, што няма прамой залежнасці паміж якасцю выкладання настаўніка і сумаю яго заробку. «Калі мы будзем проста падымаць заробак настаўнікам, то ад гэтага якасць адукацыі істотным чынам не палепшыцца. Педагог павінен быць прафесіяналам», - адзначыў Жураўкоў.
Ён распавёў, што ў міністэрстве складзеная спецыяльная праграма, каб матываваць найбольш таленавітых вучняў паступаць на педагагічныя спецыяльнасці. «Я ўпэўнены, што праз некалькі гадоў у нас, як у Фінляндыі і ЗША, у педагагічныя ВНУ будуць паступаць найлепшыя вучні», - заявіў Жураўкоў.