Экспэрт: Лукашэнка не збіраецца ісці ні ў якую Еўропу
- 4.01.2017, 15:30
Беларускія ўлады не ўспрымаюць заходнія каштоўнасці.
Палітолаг Андрэй Паротнікаў спрагназаваў, як будуць развівацца стасункі Беларусі і Захаду ў 2017 годзе. Экспэрт патлумачыў, чаму не варта чакаць нічога «рэвалюцыйнага і прарыўнога».
- Беларускія ўлады не разумеюць Захад, яны не ўспрымаюць заходнія каштоўнасці, - сказаў Паротнікаў у гутарцы з RFI. - І давайце будзем шчырыя, яны не збіраюцца ісці ні на які Захад і ні ў якую Еўропу,
Усё гэта рыторыка з мэтай, па-першае, пашырыць поле для палітычнага манэўру, па-другое, атрымаць дадатковыя фінансавыя рэсурсы ў выглядзе наўпроставай падтрымкі, крэдытнай падтрымкі альбо ў выглядзе інвестыцый. Ну і плюс, вядома, выйсці на еўрапейскія рынкі. Не больш за тое. Усе бакі гэта разумеюць, у Еўропе таксама вельмі выразна гэта бачаць.
Другі момант: Еўразвязу цяпер не да Беларусі. Маса ўнутраных праблем, будучыя прэзідэнцкія выбары ў Францыі, урадавы крызіс у Італіі, незразумелая сітуацыя з выбарамі ў Нямеччыне, як будзе праходзіць Brexit, пазіцыя Трампа - Еўропа будзе занятая ўнутранымі пытаннямі і пытаннямі захавання трансатлантычнага адзінства. Гэта тэма дня на найбліжэйшыя два гады - і тут будзе не да Беларусі.