Замест вызвалення Максіма Вінярскага адвезлі на «прафілактычную гутарку»
- 23.10.2017, 12:30
Сёння актывіст «Еўрапейскай Беларусі» павінен быў выйсці на волю.
Сябры і паплечнікі не змаглі сустрэць на волі актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага, які сёння а 8 раніцы павінен быў выйсці з турмы на вуліцы Акрэсціна пасля 10-дзённага арышту.
Ягоны паплечнік Леанід Кулакоў распавёў "Свабодзе", што ў прызначаны час так і не дачакаліся актывіста пад турэмнай брамай на вуліцы Акрэсціна.
Пазней высветлілася, што яго таемна перавезлі на прафілактычную гутарку ў міліцыю.
«Арыштавалі Максіма а 8 раніцы, хоць яго сястры напярэдадні сказалі, што паводле папер час зрушана на гадзіну пазней, - кажа Леанід Кулакоў. - Мы прыехалі загадзя, дачакаліся 9-ці, а яго няма і няма. Патэлефанавалі ў ЦІП, там адказалі, што «выбыў пасля заканчэння тэрміну адбыцця пакарання». Але мы яго не бачылі! Высвятляецца, вывезлі адтуль загадзя ў Маскоўскае РУУС - маўляў, на прафілактычную размову. І папярэдзілі: будзеш тут да таго часу, пакуль не «нагаворымся». На што Максім адказаў: можаце колькі хочаце трымаць, але ніякай размовы не атрымаецца. Цяпер вось чакаем яго дома...»
Таццяна Кузьмінічна, маці Максіма, падлічыла: у сярэдзіне кастрычніка розных арыштаў яе сына назапасілася на цэлы год:
"14 кастрычніка быў 365-ы дзень, які ён правёў ва ўмовах накшталт турмы на Акрэсціне. Вось такі юбілей. А тым часам і год прайшоў, бо сёння ўжо 23-га... Дарэчы, аднойчы ў нас ужо было, што мы пісалі заяву ў міліцыю аб пошуку Максіма - павінен быў выйсці і не выйшаў.
Сёння вось ім захацелася звазіць яго на так званую прафілактычную гутарку. А ў рэшце сказалі: паколькі сёння ён да яе не ахвочы, то размова адбудзецца ў іншы дзень - маўляў, з ім яшчэ звяжуцца».
Максім Вінярскі быў затрыманы ў Менску 13 кастрычніка. Раніцай ён выйшаў выгуляць сабаку, у гэты момант да яго падбеглі чатыры чалавекі, схапілі і пасадзілі ў аўтамабіль.
Маскоўскі суд прысудзіў яго да 10 дзён адміністрацыйнага арышту за перапост артыкула, які суд палічыў заклікам да несанкцыянаванай акцыі пратэсту. У ізалятар на вуліцы Акрэсціна актывіста «Еўрапейскай Беларусі» забралі проста з суда.
Перад пасяджэннем Вінярскі выказваў думку, што яго збіраюцца ізаляваць напярэдадні Марша абураных беларусаў 21 кастрычніка.