BE RU EN

Максім Вінярскі: Нельга здавацца, трэба прадаўжаць барацьбу

  • 24.10.2017, 15:42

Змагацца за будучыню сваёй краіны гэтак жа лагічна, як і проста жыць у ёй.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, які ўчора выйшаў на волю пасля 10-дзённага арышту.

- Вітаем вас на волі! Раскажыце, што за «прафілактычную размову» спрабавалі з вамі правесці ўчора замест вызвалення з Акрэсціна?

- Дакладна не магу нават сказаць, што стаяла за ўсім гэтым «маскарадам». Замест таго, каб вывесці мяне за браму ЦІП на Акрэсціна, мне абвясцілі, што паедзем у РАУС Маскоўскага раёну Менску. Пакуль мяне везлі туды на аўто, нейкі супрацоўнік у цывільным звярнуўся да мяне, што я вельмі «дзёрзкі» і там, у РАУС, мне растлумачаць, як трэба сябе паводзіць, і «навучаць жыццю». Пагрозлівы тон ён і не спрабаваў утойваць.

Калі аўтамабіль заехаў за браму Маскоўскага РАУС, там нас ужо чакаў яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным. Дапускаю, што гэта зусім не пераапрануты міліцыянт, а супрацоўнік зусім іншай структуры. Ён, вядома ж, не прадставіўся.

Калі мы ўвайшлі ў будынак, міліцэйскі канвой спыніўся на парозе, а грамадзянін у цывільным увайшоў са мной у кабінет і прапанаваў пагаварыць пра артыкул 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Я адказаў, што ні ў якіх размовах удзельнічаць не буду, і нагадаў, што тэрмін знаходжання пад арыштам скончыўся і многія людзі чакаюць мяне каля Акрэсціна здзіўляюцца, дзе я знаходжуся.

Невядомы ў цывільным спрабаваў зачытваць мне розныя артыкулы і задаваць нейкія пытанні, але зразумеўшы, што размовы не атрымаецца, прапанаваў сустрэцца і пагаварыць калі-небудзь у іншым месцы. Я адказаў, што ў такім выпадку яму давядзецца выслаць аформленую паводле закона позву, аднак грамадзянін намагаў, што ён лепш патэлефануе на тэлефон і пачаў прасіць нумар. Сказаўшы яму ўсё, што я думаю пра ягоныя дзеянні і беларускую ўладу, я даў зразумець, што ніякія «гутаркі» на маю пазіцыю на паўплываюць і адмовіўся ад якіх-небудзь кантактаў. На гэтым дзіўная «прафілактычная размова» з чалавекам у цывільным і скончылася.

- Вы перасягнулі пэўны рубеж, правялі за час сваёй палітычнай дзейнасці пад арыштам больш за 365 дзён. Як вы можаце пракаментаваць гэта?

- Калі быць дакладным, 365 дзён споўнілася ў першы дзень гэтага адміністрацыйнага арышту. Цяпер жа ў мяне за плячыма - 374 дзён арыштаў.

Рэжым Лукашэнкі робіць цяпер выгляд, што ён такі «вегетарыянскі», амаль дэмакратычны: маўляў у краіне нікога не арыштоўваюць і няма рэпрэсій. Мой год арыштаў - яскравы паказчык таго, што ніякага «пацяплення» ў краіне няма. За час маёй барацьбы рэжым фактычна скраў у мяне цэлы год жыцця.

Калі казаць шчыра, на мяне гэтая лічба ніякага ўражання не зрабіла. Бо ў краіне шмат людзей, якія правялі за свае палітычныя погляды куды больш часу за кратамі. І калі спыніць дзейнасць праз нейкі год адміністрацыйных арыштаў - гэта тое ж самае, што здрадзіць сваёй краіне. Я ж здраджваць сваёй Радзіме не збіраюся.

- Гэта стала зразумела, калі адразу пасля арышту вы напісалі ў «Фэйсбуку», што «нас не спынiць, не разбiць, не стрымаць!». На чым грунтуецца ваша бадзёрасць духу і ўпэўненасць у сваёй праваце?

- Гэтыя словы з верша Максіма Багдановіча «Пагоня» - і ёсць сутнасць нашага шляху, майго і маіх паплечнікаў.

Іншага шляху, як і іншай Радзімы, проста не дадзена. Беларусь - гэта наша краіна. Акрамя нас, развязаць яе праблемы і пазбавіць ад дыктатуры, не зможа ніхто. Калі мы самі не здаёмся - ніхто не зможа прымусіць нас звярнуць з шляху.

Змагацца за будучыню сваёй краіны гэтак жа лагічна, як і проста жыць у ёй. Бо гэта - твая краіна, твая штодзённасць, тваё жыццё.

«Нас не спынiць, не разбiць, не стрымаць!» - бо гэта наша жыццё. Мы ад свайго жыцця адмаўляцца не збіраемся.

Апошнія навіны