BE RU EN

Хартыя форэва

  • Вольга Нікалайчык
  • 10.11.2017, 10:35

У лістападзе 1997 года я падпісала Хартыю.

Для нас усіх, хто прагнуў жыць у вольнай незалежнай Беларусі - гэта быў прарыў у тую будучыню, пра якую мы марылі. Гэта быў маяк у начы, той порт, у які мусілі прыйсьці нашыя вольныя чоўны сваечасова, каб зьмяніць наш сьвет і перамагчы ў баі з апошнім дыктатарам Еўропы.

З таго часу Хартыя - гэта для мяне вакно... Вакно ў Беларусь. Бо, дзе б я не была - у любой кропцы сьвета, альбо дома, на ўласнай канапе - я з ранку пад каву адчыняю на кампе Хартыю, бо там пра Беларусь...

Раніца - гэта кава і Хартыя форэва. Навіны я магу пачытаць і на іншых рэсурсах... Але Хартыя піша пра тое, чым дыхаюць простыя беларусы, якія спрабуюць ісьці наперад у нашых варунках лагоднага ГУЛАГу. Ты можаш напісаць на Хартыю сваю думку і яе надрукуюць, бо яна супадзе з думкамі такіх як ты - простых беларусаў, і пачытаўшы тваю думку - людзі прыходзяць да салідарнасьці з табой і ты ўжо не адзін...

А пасьля Хартыя піша ўсім нам, якія паразумеліся, што мы ж можам пайсьці разам і нешта паспрабаваць перамяніць - бо іншыя не пабаяліся і ўжо пайшлі, і ў іх ужо атрымліваецца прабіваць гэтыя муры нашай турмы, у якую за 20 -ці годдзі ўзурпатар з кодлаю пераўтварылі нашую еўрапейскую краіну.

Хартыя уплывае на працэс нашага жыцьця, фармуе грамадскую думку нават там, дзе засталіся адныя старыя ды дзеці і адзін маладзён з кампутарам. Таму што Хартыя дыхае з намі адным паветрам і робіць падзею - бачыць на некалькі крокаў наперад, разьвівае чытача ненавязьліва, бо чалавеку цікава.

І, галоўнае - супадае настрой, гучыць у паветры агульны нэрв, як дрот лініі высокай электранапругі. І ты можаш быць ці слесарам, ці прафэсарам - і вы будзеце гучаць на Хартыі на роўных - як аднадумцы, як сучасьнікі, як паплечнікі, якія здольныя стаць на плошчы разам у абставінах дыктатуры, ва ўмовах жорсткага прэсынгу ды перасьледу, пад пагрозаю волі ды здароўю - і перамагчы.

А нават калі здарылася якая з табою бяда і ты патрапіў ў нядолю - проста напішуць на Хартыю і хутка пра цябе пачытаюць ва ўсім сьвеце. Часам Хартыя - як доктар хуткай дапамогі - ратуе цябе ў стане абшырнага інфаркту, ратуе нашую інфармацыйную прастору ад брахні нашай прыўладнай тыраніі, ад інфармацыйнага голаду, ад той сьлепаты, у якой жывуць людзі пры дыктатуры і не ведаюць, куды і за кім ісьці ў стане адчаю ды безвыходнасьці, і куды можа разьвівацца грамадства, каб мы жылі на сваёй зямлі добра - не горш за іншых усходніх еўрапейцаў.

Хартыя - гэта той вялізарны Беларускі хмарачос, з якога відная і краіна, і будучыня, і мы з вамі, і нас – мільёны.

Вольга Нікалайчык, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны