Еўразвяз спадзяецца на хуткае вызваленне Паўла Шаройкі
- 29.11.2017, 17:04
Затрыманы ў Менску карэспандэнт «Украінскага радыё» павінен быць вызвалены як мага хутчэй.
Як паведамляе «Белсат», пра гэта заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ ва Украіне Х'юга Мінгарэлі.
«Гэта вельмі крыўдна. І мы спадзяемся, што гэты журналіст будзе вызвалены як мага хутчэй», - заявіў Мінгарэлі пра затрыманне ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі ў Менску.
Нагадаем, 25 кастрычніка ў Менску спецслужбы арыштавалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. Паводле версіі КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовае ўзнагароджанне выконвалі ягоныя заданні ў зборы звестак выведвальнага характару ў вайскова-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццём дарадцы амбасады Украіны ў Беларусі».
Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон-грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі.
У дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа паводле арт.358 КК Беларусі (шпіянаж) і прынятая пастанова пра змяшчэнне яго пад варту.
Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да дзейнасці выведкі і ўважае абвінавачванні беспадстаўнымі.