Жамчужны зрабіў нечаканы ход у барацьбе за свае правы
- 6.12.2017, 12:36
Палітвязень дабіўся суда над сваімі турэмшчыкамі.
Суд Горацкага раёна 8 снежня разгледзіць скаргу палітвязня Міхаіла Жамчужнага на першае вынесенае яму адміністрацыяй папраўчай калоніі №9 спагнанне - пяць дзён у штрафным ізалятары, паведамляе сайт spring96.org.
Спагнанне было вынесенае яшчэ ў пачатку жніўня за адмову ад пераходу ў іншы атрад.
На сёння вядома, што суд пачнецца а 14.30 і будзе праходзіць у адкрытым рэжыме, а Міхаіл Жамчужны меў намер падаць заяву ў адміністрацыю калоніі ў Горках аб забеспячэнні яму магчымасці ўдзелу ў працэсе. Ці даставяць палітвязня ў суд - невядома.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з папушчальніцтва адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару варункі для адбыцця пакарання, арганізаваная кампанія ягонага цкавання.
Паводле аналагічных падстаў (адмовах пераходзіць у атрад №13) на канец лістапада ў Міхаіла Жамчужнага было ўжо 11 спагнанняў, большасць з якіх - размяшчэнне ў штрафным ізалятары на розныя тэрміны, а таксама размяшчэнне ў памяшканне камернага тыпу на 1 месяц. На 24 кастрычніка быў прызначаны суд аб пераводзе палітвязня на турэмны рэжым зняволення, але напярэдадні судовага працэсу адміністрацыя адклікала свой пазоў.
Палітвязень збіраецца абскардзіць усе вынесеныя яму адміністрацыяй калоніі ў Горках спагнання.