Уладзімір Някляеў сустрэўся з Пятром Парашэнкам
- 21.02.2017, 21:07
Сустрэча аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса і прэзідэнта Украіны доўжылася блізу гадзіны.
20 лютага прэзідэнт Украіны сустрэўся з бацькамі герояў «Нябеснай сотні», у тым ліку, з бацькам і маці загінулага на Майдане ў Кіеве беларуса Міхаіла Жызнеўскага. На сустрэчы таксама прысутнічала грамадская актывістка Вольга Нікалайчык і адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, паэт Уладзімір Някляеў.
Пасля гэтай сустрэчы Пятро Парашэнка правёў перамовы з Уладзімірам Някляевым у фармаце адзін на адзін.
«Размова была найперш пра палітычныя пытанні. Казалі аб сітуацыі, якая цяпер складваецца вакол Беларусі ды Украіны. Гутарылі таксама пра тое, што Украіна і Беларусь маглі б зрабіць разам, - пракаментаваў сустрэчу сайту Charter97.org палітык. - Украіне хацелася б бачыць рэальныя крокі да сапраўднай дэмакратызацыі ў Беларусі. Гэта нам, беларусам, трэба рабіць. Украіна можа нам дапамагчы маральна, а таксама паспрыяць на міжнародным узроўні».
Таксама Уладзімір Някляеў і Пятро Парашэнка абмеркавалі магчымасць прысуджэння загінуламу на Майдане беларусу Міхаілу Жызнеўскаму годнасці Героя Украіны.
«Бацькі Міхаіла Жызнеўскага прасілі падняць пытанне на сустрэчы з Пятром Парашэнкам аб прысваенні іх сыну годнасці Героя Украіны. Гэта фармальна нельга было зрабіць, бо годнасць Героя Украіны прысвойваецца яе грамадзянам. Пятро Парашэнка пайшоў насустрач і абяцаў паспрыяць, каб Міхаілу далі пасмяротна ўкраінскае грамадзянства. Ён шчыра сказаў: «Міхаіл Жызнеўскі будзе Героем Украіны», - распавёў Уладзімір Някляеў.