BE RU EN

Латвія ўзвяла 23 кіламетры агароджы ўздоўж мяжы з РФ

  • 5.02.2017, 14:45

Яшчэ 60 кіламетраў плануецца пабудаваць сёлета.

На мяжы Латвіі і Расеі ўстаноўлена ўжо 23 км агароджы перашкоды для пранікнення нелегальных мігрантаў, паведаміла прэс-сакратарка Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Яўгенія Пазняк.

«Работы ў будаўніцтве плота пачатыя ў 2015 годзе, і іх плануецца завяршыць да 2019 года. Цяпер на мяжы абсталяваная памежная паласа даўжынёй 65 км (. . .) Мінімальная вышыня агароджы складзе 2, 7 м, у тым ліку калючы дрот", - цытуе прэс-сакратара навінавы сайт Delfi.lv.

Сёлета на абсталяванне латвійска-расейскай мяжы выдзелена 6,3 млн. еўраў, што, згодна з існуючымі планамі, дазволіць абсталяваць прымежную паласу даўжынёй 150 км і пабудаваць 60 км агароджы, паведаміла Яўгенія Пазняк.

Агульная працягласць латвійска-расейскай мяжы складае 276 км, з іх агароджай будуць абсталяваныя 193 км - тыя ўчасткі, дзе няма натуральных перашкод. Усяго на будаўніцтва агароджы плануецца выдаткаваць 17 млн еўраў.

Апошнія навіны