«Падымаем сцяг ізноў!»
- 27.03.2017, 19:22
Гісторыя мужчыны, які падняў сцяг ведаючы, што трапіць у аўтазак.
25 сакавіка, падчас затрыманняў на плошчы Якуба Коласа, у аб'ектывы журналістаў трапіў хлопец, які падняў з асфальту бел-чырвона-белы сцяг. «Падымаем сцяг ізноў», — сказаў ён, і падняў сцяг уверх. Адбылося гэта літаральна за некалькі метраў ад аўтазака. Натуральна, што яго схапілі ў той жа момант, паведамляе «Еўрарадыё».
Відэа гэтага моманту сабрала мноства лайкаў і рэпостаў у сацсетках. Як высветлілася, герой роліка, Андрэй Асмалоўскі, пазбег пакарання. Мужчына распавёў аб падрабязнасцях ягонага ўдзелу ў Дні Волі.
Пра Дзень Волі:
Я спрабую не прапускаць мітынгі. А 25 сакавіка для мяне гэта наогул святы дзень. Я заўсёды, ва ўсялякае надвор'е прыходжу. Для мяне гэтае свята — адное з галоўных у нашай гісторыі. Кожны страх адпадае ў гэтым выпадку.
Шчыра кажучы, наступным разам буду асцярожнейшым. Але ў дазволеных акцыях буду ўдзельнічаць абавязкова.
Аб задуме падняць сцяг:
Натхніў мяне свабодны дух, і вось такі экспромт здарыўся. Проста абурыла, што наш родны сцяг топчуць амапаўцы. Я разумеў, што мяне схопяць, але ў той час пра гэта не думаў. Тым больш, што загадзя падрыхтаваўся да затрымання: скончыў свае прыватныя справы, дзелавыя пытанні, перадаў пэўныя працоўныя паўнамоцтвы... Калі шчыра, то ў мяне была такая ідэя: хоць бы неяк паўплываць на астатніх уласным прыкладам. Таму паспрабаваў падняць сцяг як мага вышэй. На здзіўленне, страшна не было. Мой сябар, з якім я быў, неяк здолеў адбіцца і ўцячы, хоць і яго спрабавалі затрымаць. А я ўжо проста падумаў: паміраць — дык з песняй.
Аб затрыманні:
Мяне, як пушынку, закінулі ў аўтазак. Там яшчэ амаль нікога не было, нават вольнае месца знайшлося. Я сеў каля століка. А потым аўтазак пачаў паступова запаўняцца. Страшна не было.
Аб падарожжы ў аўтазаку:
У аўтазаку нікога не білі. Мне здалося — спрабавалі нават не дакранацца. І там, па дарозе да аддзялення, здарыўся яшчэ адзін экспромт: у дзяўчыны знайшоўся сцяжок, а з падлогі мы падабралі вуду. І выставілі на ёй сцяг з аўтазака. Праўда, секунд 10 ён пратрымаўся, а потым забег касманаўт, схапіўся за дрэўка і праштурхнуў яго наперад, у акно. І сцяг, мабыць, таксама апынуўся на асфальце.
Аб аддзяленні міліцыі:
Потым пашкадаваў, што не было з сабой мяшка з рэчамі, бо ў РАУС было даволі халодна стаяць на вуліцы. Ды і падсілкавацца хацелася, бо я толькі паснедаў у той дзень. Мяне ў аддзяленні не чапалі, а некаторым дасталася трохі, папіхалі хлопцаў на цагляны мур. Вось аднаго з затрыманых — яго клічуць Хрысціян, ён з Лацінскай Амерыкі, з Калумбіі... У прынцыпе, я там шмат цікавых знаёмстваў атрымаў.
Аб тым, як выпусцілі
Зрабілі ўсе працэдуры: адбіткі пальцаў, фота ў анфас і ў профіль. Абмацалі на выпадак гострых прадметаў. Усё асноўнае адбывалася яшчэ ў двары: да кожнага падыходзіў міліцыянт з паперкай, перапісваў звесткі. Для мяне гэта быў дэбют у міліцыі, таму ўсё было вельмі цікава. І было прадчуванне, што нас павінны адпусціць, бо надзвычай ветліва ставіліся прадстаўнікі ўладаў. І выпусцілі! Пад вечар, гадзіны праз тры-чатыры пасля затрымання. Без пратаколу. Думаю, гэта менавіта таму, што я трапіўся ў першы раз.
Аб рэакцыі сваякоў
На акцыі я быў адзін. Але ўсе сваякі падтрымалі мяне. Амаль усе. Мама і жонка, вось, адспавядалі мяне. Але яны проста турбуюцца за мяне больш за ўсіх.