BE RU EN

Зміцер Дашкевіч на свабодзе

  • 15.04.2017, 17:04

(абноўлена) Лідар «Маладога Фронту» быў вызвалены з СІЗА КДБ.

Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку ягоная жонка Анастасія Палажанка.

Сёння Зміцер Дашкевіч даў прэс-канферэнцыю па адрасе Чарнышэўскага 7A-8.

Анлайн-трансляцыю прэс-канферэнцыі вёў тэлеканал «Белсат» и «Радыё Свабода».

Фота: svaboda.org
Фота: facebook.com/nasta.dashkevich
Фота: svaboda.org
Фота: svaboda.org

«Падвяла кішка», - кажа Зміцер Дашкевіч пра затрыманне. Разам з актывістам Арцёмам Леўчанкам яны замовілі боршч, калі ўсталёўвалі мэблю ў сям'і Арловых 22 сакавіка. Аднак замест дастаўшчыка ежы ў кватэру ўварвалася міліцыя.

Пасля затрымання яго прывезлі дадому. Ператрус доўжыўся 5-6 гадзін. У яго канфіскавалі 17 бел-чырвона-белых сцягоў, 3 мегафоны і 300-400 даляраў, якія сям'я Дашкевічаў адкладала на адпачынак.

Фота: facebook.com/nasta.dashkevich

Дашкевіч застаецца падазраваным паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.

Падтрымаць Змітра прыйшоў актывіст «Маладога» Фронту» Раман Васільеў, якога вызвалілі са следчага ізалятара КДБ 1 красавіка. Арыштаваныя ў КДБ распавядаюць, што чулі воклічы Мікалая Статкевіча, нягледзячы на тое, што прэс-сакратар Дзмітрый Пабяржын сцвярджаў пра адсутнасць аднаго з лідараў апазіцыі ў СІЗА КДБ.

Сваё затрыманне Дашкевіч называе «анекдотам». Першапачаткова яму прад'явілі дакумент, у якім ён абвінавачваўся ў падрыхтоўцы да «масавых беспарадкаў» з 2011 года. На самай справе, да 2013 года Дашкевіч быў у зняволенні.

«КДБ не можа прызнаць, што ўсё гэта ахінея, - кажа Дашкевіч. - Я не даваў ніякіх паказанняў».

«Магчыма, мы расплачваемся за Курапаты, за збор подпісаў за сцяг. Гэта асабістая помста», - мяркуе Дашкевіч пра сваё затрыманне.

Як яму распавялі, з 21 сакавіка пачалі перавозіць усіх затрыманых з СІЗА на Валадарскага ў Жодзіна. А калі яго прывезлі 22 сакавіка, ён сядзеў адзін у 3-4-мясцовай камеры.

«У рэжыму сарвала дах, - кажа Дашкевіч. - І была каманда зачысціць. У ўзурпатара ёсць толькі адзін механізм: аўтазакі, затрыманні, турмы».

Дашкевіч мяркуе, што ў КДБ не было чаго выстаўляць у якасці абвінавачвання, а таму разлічваў выйсці з СІЗА праз 10 дзён.

«Калі б была нейкая інфармацыя пра «Белы легіён», даўно ўжо пра гэта было б вядома, - кажа Дашкевіч. - Арматура пад Асіповічамі ў бутэльках - гэта а-ля пацукі ў 2006 годзе».

Ён мяркуе, што астатніх затрыманых у справе могуць яшчэ месяц-два пратрымаць у следчым ізалятары. Ён не ўяўляе, як з такой базай доказаў, якая ёсць у КДБ, справу патрыётаў можна давесці да суда.

«Спадзяюся, усе затрыманыя будуць вызваленыя», - сказаў Зміцер.

На пытанне журналістаў, ці будзе працягваць працу клуб «Ваяр», Зміцер Дашкевіч адказаў, што пасля такіх гучных арыштаў наступныя два гады дзейнасць вайскова-патрыятычных клубаў будзе цішэйшай.

«У нас такая традыцыя: мы распісаліся пасля Божага нараджэння, а вызваляемся напярэдадні Вялікадня», - сказала жонка Анастасія Дашкевіч.

Наста сказала журналістам, што яна - ужо даволі дасведчаная жонка і палітзняволеная - здзіўленая той хваляй салідарнасці і прапаноў дапамогі з боку розных людзей, якая абрынулася на яе пасля арышту Змітра.

Са слоў Анастасіі, міжнародная супольнасць шакаваная хлуслівай справай.

«З 30 чалавек [у справе патрыётаў] я ледзь ведаю двух», - падзяліўся Зміцер.

«Я буду далей працягваць зрынаць стары рэжым. Буду зрынаць старыя кухні і шафы ў кватэрах, - жартуе Дашкевіч.- Святкуем Вялікдзень. Хрыстос уваскрос!»

Апошнія навіны