Статкевіч – тэлеканалу ARD: Захад павінен ведаць, на што ідуць крэдыты Беларусі
- 9.04.2017, 15:24
Першы канал нямецкага тэлебачання ARD назваў Беларусь «паліцэйскай дзяржавай».
У сюжэце, прысвечаным Беларусі, тэлеканал ARD (пераклад – Charter97.org) паведаміў пра рэпрэсіі супраць апазіцыі, развязаныя ўладамі Беларусі напярэдадні і пасля Дня Волі, а таксама непасрэдна пра тое, што адбывалася ў Менску 25 сакавіка, калі тысячы супрацоўнікаў АМАПа і спецслужбаў былі кінутыя супраць мірных дэманстрантаў. Тое, што адбылося, тэлеканал назваў «канцом палітычнай адлігі» ў Беларусі.
Журналісты ARD таксама наведалі рэгіёны Беларусі і распавялі пра катастрафічную сітуацыю ў эканоміцы краіны: беспрацоўе, жабрацкія заробкі і пенсіі, разваленую прамысловасць, адсутнасць перспектываў у моладзі.
Незадаволенасць беларусаў нарастае, канстатаваў нямецкі тэлеканал. Апытаныя журналістамі ARD людзі адкрыта выступаюць супраць Лукашэнкі і кажуць, што ніколі за яго не галасавалі. «Новае ў сітуацыі, што на вуліцы сталі выходзіць нават пенсіянеры», – гаворыцца ў сюжэце.
Тэлеканал таксама ўзяў інтэрв'ю ў лідара Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколы Статкевіча. Палітык заявіў, што Захад павінен ведаць, на што ідуць крэдыты, выдадзеныя Лукашэнку, – на рэпрэсіўны апарат, які дыктатарскі рэжым выкарыстоўвае супраць народа.