Нямецкі экспэрт: У Беларусі павінны пачацца сур'ёзныя перамовы ўлады і апазіцыі
- 11.05.2017, 13:45
У інтарэсах ЕЗ мэтай такіх перамоваў павінны стаць свабодныя выбары.
У Цэнтры еўрапейскіх даследаванняў імя Вільфрэда Мартэнса, аналітычным інстытуце Еўрапейскай народнай партыі, 10 траўня прайшла дыскусія аб Беларусі з удзелам экспэртаў з усёй Еўропы. У ёй бралі ўдзел выканаўчы дырэктар Цэнтра Томі Хухтанен, прадстаўнік Беларускага нацыянальнага кангрэса, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і дэпутат Еўрапарламента Арціс Пабрыкс (Латвія). Вёў дыскусію палітычны дырэктар Цэнтра Роланд Фройдэнштайн, паведамляе карэспандэнт Charter97.org.
Андрэй Саннікаў падчас дыскусіі заявіў:
- Беларусь сёння перажывае самы востры крызіс з часоў распаду СССР, праз адсутнасць рэформаў, праз адсутнасць неабходнай рэструктурызацыі эканомікі. Крызіс выяўляецца перш за ўсё ў недахопе грошай, у крызісе аплатнага балансу. Гэта тлумачыць сённяшнюю палітыку рэжыму, які адмаўляецца праводзіць рэформы, пра што Лукашэнка ўвесь час публічна заяўляе.
У такой сітуацыі ўнутраныя грошы здабываюцца двума шляхамі: першы - гэта ўвядзенне новых падаткаў, збораў, неімавернай колькасці пабораў, каб адабраць у народа грошы; другі - выцісканне грошай з бізнэсоўцаў. Іх у турмах сёння ў сотні разоў больш, чым апазіцыянераў.
Людзі адрэагавалі на рабаўніцкую палітыку пратэстамі, самымі значнымі з часоў распаду СССР. Яны прайшлі не толькі ў Менску і абласных цэнтрах, але і ў раённых гарадах. Рэжым адказаў сваімі звыклымі метадамі - рэпрэсіямі.
У сярэдзіне лютага скончылася «лібералізацыя», якой ніколі і не было. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», напрыклад, у 2016 годзе было ў 7 разоў больш выпадкаў рэпрэсіяў, чым у 2015-м. У 2017 годзе выпадкаў рэпрэсій у дзясяткі разоў больш, чым у 2016-м. Лукашэнка абрынуў на Беларусь беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, якія цалкам ігнаруюць на Захадзе, нягледзячы на запэўніванні ў адваротным. Лідар Еўрапейскай народнай партыі Джозэф Давул, напрыклад, яшчэ ў сакавіку казаў, што, калі рэпрэсіі будуць прадаўжацца, трэба вяртаць санкцыі. Менавіта адсутнасць санкцый падагравала Лукашэнку да новых рэпрэсій.
У нас толькі ў так званай сфабрыкаванай «справе патрыётаў» у турме знаходзіцца 18 чалавек. Рэпрэсіі становяцца ўсё больш жорсткімі, людзей літаральна выкрадаюць на вуліцах і нічога не паведамляюць сваякам. Па некалькі дзён сем'і не могуць даведацца, дзе знаходзяцца іх родныя. Аднак пратэсты прадаўжаліся і будуць прадаўжацца. Гэта сапраўды народныя пратэсты з палітычнымі патрабаваннямі.
Апазіцыя іх падтрымлівае. Першыя пратэсты ў сярэдзіне лютага былі арганізаваныя Беларускім нацыянальным кангрэсам. Іншыя палітычныя сілы таксама падтрымалі народныя выступленні, напрыклад, у рэгіёнах.
Роля Расеі. Шмат гадоў нашы сябры на Захадзе казалі: давайце не будзем занадта ціснуць на Лукашэнку, інакш у Беларусі будуць расейскія танкі. Вось цяпер будуць і танкі, а вы да гэтага не гатовыя. Сітуацыя вельмі сур'ёзная. Нават намеснік міністра замежных спраў Беларусі ўчора ў Вашынгтоне не змог адказаць, ці пакінуць расейскія войскі тэрыторыю Беларусі пасля манеўраў Захад-2017. Незалежнасці Беларусі пагражае рэальная небяспека, пагражае яна і рэжыму. Расея хутчэй за ўсё прапрацоўвае сцэнары замены Лукашэнкі, выбіраючы паміж Крымам і Данбасам.
Нягледзячы на тое, што рэжым не мяняецца і развязаў рэпрэсіі, я ўсё ж мяркую, што для прадухілення большай трагедыі і некантраляванага канфлікту, у тым ліку і ўзброенага, найлепшым мірным выйсцем з'яўляюцца перамовы рэжыму і апазіцыі для правядзення сумленных выбараў, - сказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі».
Віталь Рымашэўскі падчас дыскусіі адзначыў, што ЕЗ вядзе дыялог, але не мае стратэгіі ў дачыненні да Беларусі:
- Для нас гэта вялікая праблема. Правацэнтрысцкая кааліцыя прапануе такую стратэгію: салідарнасць з палітвязнямі і патрабаванні вызваліць палітвязняў і спыніць ціск на грамадзянскую супольнасць; пытанне нумар адзін для Беларусі - падрыхтоўка заканадаўчай рэформы; правядзенне мясцовых выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ; адначасова трэба рыхтаваць базавую дамову паміж ЕЗ і Беларуссю, у якой была б «дарожная мапа» палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформаў, у распрацоўцы якіх павінны браць удзел апазіцыя і грамадзянская супольнасць.
Рэжым будзе прадаўжаць рэпрэсіі, бо ён напалоханы эканамічным крызісам і паводзінамі Расеі. Гэта дае нам новыя шанцы, бо расце значэнне супрацоўніцтва рэжыму з Захадам. Трэба ўключыць апазіцыю і грамадзянскую супольнасць ў працэс гэтага дыялогу і быць больш моцнымі ў пытаннях выканання правоў чалавека. Надта важна, як пройдзе сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску. Калі там ня будзе апазіцыі, гэта будзе азначаць падтрымку рэжыму.
Што да небяспекі ўварвання Расеі ў Беларусь, еўрапейцам не трэба турбавацца, бо для Расеі няма больш прымальнай улады ў Беларусі, чым Лукашэнка. Праз яго яны праводзяць свае інтарэсы, - сказаў сустаршыня партыі БХД.
Дэпутатка Еўрапарламента Арціс Пабрыкс мяркуе, што ў Беларусі Еўразвяз сутыкаецца з класічнай дылемай: як сябе весці з недэмакратычнай дзяржавай, незалежнасці якой пагражае больш моцнае аўтарытарная ці таталітарная дзяржава.
- У мяне няма гатовых адказаў. Адзінае, у чым я ўпэўнены, мы не можам паводзіць сябе пасіўна і назіраць, як памяншаюцца шанцы на дэмакратычную Беларусь і яе паступова паглынае Расея. Я згодны з тым, што Еўропа павінна стварыць сітуацыю для мірнай трансфармацыі праз дэмакратычныя выбары. Пры гэтым трэба разумець, што Расея будзе супраціўляцца такому мірнаму сцэнару. Нам неабходна загадзя падумаць аб рашучых захадах у стрымліванні магчымых агрэсіўных дзеянняў Расеі і надаць такую ж падтрымку дэмакратыі, як Захад надаваў краінам Балтыі ў свой час, - упэўнены еўрадэпутат.
Палітычны дырэктар Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў імя Вільфрэда Мартэнса Роланд Фройдэнштайн наступным чынам падвёў вынік дыскусіі:
- Беларуская эканоміка перажывае сур'ёзны крызіс, і імавернасць нестабільнасці ўсё ўзрастае.
Якой бы ні была роля Расеі ў Беларусі, прыняць тое, што яна ўважае Беларусь за сферу сваіх інтарэсаў, мы не можам.
Высокая імавернасць крымскага і данбаскага сцэнару ў дачыненні да Беларусі ўжо сёлета.
Самае галоўнае - Еўразвяз павінен выкарыстаць усе свае рычагі і ўплыў, каб урад Беларусі пачаў сур'ёзныя перамовы з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, мэтай якіх былі б свабодныя выбары.