У справе тэракта ў Манчэстэры арыштаваныя яшчэ двое падазраваных
- 27.05.2017, 14:38
Праваахоўныя органы Вялікабрытаніі правялі серыю ператрусаў у кватэрах падазраваных.
Брытанская паліцыя раніцай у суботу, 27 траўня, затрымала яшчэ двух падазраваных у сувязі са справай аб тэракце на стадыёне «Манчэстар Арэна». Усяго паводле падазрэння ў дачыненні да выбуху былі затрыманыя 13 чалавек, пры гэтым двое з іх ужо адпушчаныя на волю, паведамляе Нямецкая хваля.
У ноч на суботу былі праведзеныя ператрусы ў кватэрах падазраваных, паведаміла паліцыя Манчэстэра ў Twitter.
Напярэдадні шэф антытэрарыстычнага аддзела паліцыі Вялікабрытаніі Марк Роўлі заявіў, што ўжо затрыманыя большасць удзельнікаў групоўкі, звязанай з Салманам Абэдзі, які прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне падчас выступу амерыканскай зоркі Арыяны Грандэ. Паводле інфармацыі газеты The Guardian, у іх ліку - бацька і трое братоў злачынцы, арыштаваныя ў Вялікабрытаніі і Лівіі.