Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзеная ў статус падазраванай
- 29.05.2017, 20:58
Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла пра ціск уладаў на лідараў пратэставай вясны.
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк з Берасця пераведзена са статусу сведкі ў статус падазронай паводле справы вывешанага ў Берасці банэра з надпісам: «Лукашенко, ты урод! Хватит грабить наш народ!», паведамляе «Радыё Рацыя».
Гэты перавод грунтаваўся на звестках сведкі - нейкага Ігара Ляванюка, які нібыта дрэнна арыентаваўся, на якой вуліцы ён знаходзіўся, на якім прыпынку, але Паліну нібыта дакладна пазнаў, бо ў яго фатаграфічная памяць. На апазнанні актывістку пасадзілі з двума дзяўчынамі - фарбаванымі бландынкамі з доўгімі валасамі, каб, так бы мовіць, сведка не памыліўся, кажа Паліна Шарэнда-Панасюк.
- Гэта справа сфабрыкаваная. Яна ідзе ў адным рэчышчы з ціскам на актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». Можна меркаваць, што ўлады распрацавалі аперацыю для нэўтралізацыі актывістаў, лідараў пратэставых рухаў у чаканні восені 2017 года, - заявіла Паліна Шарэнда-Панасюк.
Са слоў Паліны Шарэнда-Панасюк, сілавікі шукаюць розныя зачэпкі, каб актывістаў да восені нейтралізаваць. Паліна адмовілася сведчыць супраць сябе ў гэта замоўленай палітычнай справе.
У лютым за антылукашэнкаўскія банэр распачалі адміністрацыйную справу. Затым яе перакваліфікавалі ў крымінальную. Лінгвістычная экспэртыза ўстанавіла, што надпіс мае цынічны, абразлівы характар на адрас правадыра.
Нагадаем, сёння каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля таксама выклікалі ў Следчы камітэт.
На заўтра ў Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта выклікаецца таксама муж Паліны Шарэнда-Панасюк, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда .