BE RU EN

Раман Бяссмертны: Лукашэнка - «зіц-прэзідэнт»

  • 22.07.2017, 10:28

Дэмакратычнае грамадства магло сустрэць Лукашэнку ў Кіеве і больш жорстка.

Пра гэта заявіў былы амбасадар Украіны ў Беларусі, вядомы ўкраінскі палітык Раман Бяссмертны.

«Чаму Femen у Адміністрацыі прэзідэнта? Гэта помста! Гэта помста за акцыю ў снежні 2011 года ў Менску. Тады я працаваў паслом Украіны ў РБ. Памятаю як мы з консулам шукалі дзяўчат па райаддзелах міліцыі, КДБ. Іх ад нас хавалі. Калі б ні ціск амбасады, не ведаю чым бы скончылася гэтая гісторыя. Дзяўчат тады знайшлі ў лесе каля мяжы аблітых зялёнкай!

Ці заслугоўвае такі прыём Лукашэнка? Так, справядліва! Гэта яшчэ занадта мяккі варыянт для дыктатара! Не ведаю, як прадстаўніца Femen трапіла ў АП... Але дэмакратычнае грамадства магло сустрэць Лукашэнку і больш жорстка! Заўсёды падтрымліваў і паважаў сяброў-беларусаў, кандыдата ў Прэзідэнты РБ 2010 Андрэя Саннікава, Наталлю Радзіну, Змітра Бандарэнку ды іншых!» - напісаў Раман Бяссмертны ў Фэйсбуку.

Каментуючы ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» візіт Лукашэнкі ў Кіеў, палітык заявіў:

«Візіт афіцыйны. Згодна з пратаколам, мінімум паўгода таму была вядомая дата. Гэта не візіт, які адбываецца з сёння на заўтра. Што да даверу, недаверу - чалавек, які да вас прыязджае з сіндромам «старшыні калгасу» ў варунках, калі Беларусь знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай, перш за ўсё ў цяжкай бюджэтнай сітуацыі, вядома, навошта прыязджае. Ва Украіне іншыя прыярытэты, іншая бяда. Ды яшчэ і сітуацыя, у якой украінская старана выдатна разумее, што да Лукашэнкі болей прыдатны тэрмін «зіц-прэзідэнт» - эканоміка ў чужых руках, палітыка кіруецца з чужой краіны, з Крамля, войска падпарадкаванае фактычна іншай краіне.

З іншага боку, Украіны сёння мае каласальныя патрэбы ў вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве, бо ідзе вайна. Дэфіцыт у кампанентах зброі, запчастках, агрэгатах да тэхнікі, якую атрымалі ў спадчыну абедзве краіны ад СССР, ва Украіне адчуваецца. Не выпадковыя гэтыя недамоўкі, гэтыя абсалютныя пустыя фразы на супольным брыфінгу. Бо сам-насам, мабыць, абмяркоўвалася пытанне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Звярніце ўвагу на маршрут - Менск-Масква, Менск-Кіеў. Лукашэнка ратуе сябе. Такога нізкага рэйтынгу ў Беларусі, як цяпер, ён яшчэ ніколі не меў. Я б не рэкамендаваў украінскім прэзідэнтам называць Лукашэнку «сябрам».

Запэўніванні, што «вайна не пачнецца»... Яму самому трэба баяцца. Частка войскаў, якія ўвойдуць з Расеі на вучэнні «Захад-2017», не пакіне Беларусь. Стратэгічныя разлікі Расеі грунтуюцца на супрацьстаянні сілам NATO. У Літве, Польшчы, у іншых краінах Балтыі размешчаныя новыя тактычныя злучэнні, асабовы склад краін NATO. Відавочна, што цяпер на перадавыя межы Пуцін выставіць на дзвюх вайсковых базах тэхніку і асабовы склад. Ведаючы гэта, абедзве стараны сёння маўчалі і казалі толькі пра тое, праз што нельга пасварыцца.

У 2011 годзе таварнае абарачэнне склала 7 мільярдаў даляраў, а сёння ледзь перасягае 2 мільярды. Не ўдаліся найбольшыя супольныя ўкраінска-беларускія праекты - экспарт электраэнэргіі, супрацоўніцтва ў перапрацоўцы нафты. Аб якім даверы можа ісці гаворка?» - пытаецца Бяссмертны.

Апошнія навіны