У Беларусь на вучэнні «Захад – 2017» прадаўжаюць прыбываць расейскія вайскоўцы
- 24.07.2017, 9:53
Пра прыбыццё чарговай партыі расейскіх вайскоўцаў паведамляе Мінабароны Беларусі.
23 ліпеня ў Беларусь прыбываюць новыя расейскія вайскоўцы. Гэта адбываецца ў межах планавай падрыхтоўкі да супольных беларуска-расейскіх стратэгічных вучэнняў "Захад – 2017".
Як удакладняе прэс-служба Мінабароны Беларусі, першымі прыбудуць падраздзяленні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Заходняй ваеннай акругі Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі.
У супольных спецыяльных вучэннях будуць удзельнічаць органы ваеннага кіравання, злучэнні, воінскія часці і арганізацыі тылавога, тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння як Беларусі, так і Расеі.
Разам беларускія і расейскія вайскоўцы правядуць падрыхтоўку пунктаў і сродкаў кіравання злучэннямі, вайсковымі часткамі і арганізацыямі тылавога і тэхнічнага забеспячэння ўзброеных сілаў дзвюх краінаў. Таксама ім належыць абсталяваць раёны практычных дзеянняў войскаў.