BE RU EN

InformNapalm: Перад «Захадам-2017» Расея бярэ пад кантроль неба Беларусі

  • 13.08.2017, 10:51

Што ўтойвае ў сабе дакумент, перададзены Пуціным у Дзярждуму РФ.

10 жніўня 2017 прэзідэнт Расейскай Федэрацыі ўнёс на ратыфікацыю ў Дзяржаўную Думу падпісаны 2 лістапада 2016 г пратакол аб унясенні змяненняў і дапаўненняў да Пагаднення паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб супольнай ахове вонкавай мяжы «саюзнай дзяржавы» ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2009 г (законапраект №245943-7). Паводле стану на 11 жніўня адзначаецца, што законапраект усё яшчэ знаходзіцца на разглядзе. Прапанаваныя ў Пратаколе змены і дапаўненні фактычна даюць Расеі карт-бланш на ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі пад сцягам Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны, піша informnapalm.org.

Пагадненне 2009 г прадугледжвала стварэнне і вызначэнне задач Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, напрыклад, у так званы «пагражальны перыяд» – прамежак часу, цягам якога ўзнікла і захоўваецца пагроза ўзброенага нападу на адзін з бакоў у рэгіёне. Пагадненне ўвайшло ў дзеянне ў сакавіку 2012 г.

Пратакол аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у названае Пагадненне быў падпісаны ў Менску 2 лістапада 2016 г. падчас пасяджэння супольнай Калегіі міністэрстваў абароны Расеі ды Беларусі. Тады ж былі прынятыя іншыя важныя пастановы ў сферы бяспекі так званай «саюзнай дзяржавы» РФ і Беларусі. Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Пратакол сваім указам ад 10 сакавіка 2017 г.

Пратаколам прадугледжанае змяненне тэрміналогіі. Напрыклад, замест былых Вайскова-паветраных сіл УС РФ прапануецца згадваць Паветрана-касмічныя. Гэта адлюстроўвае рэальныя змены тыпавой структуры ВС РФ у 2015 г і не ўяўляе для нас асаблівай цікавасці.

Значна больш важная прапанова замяніць паняцце «пагражальны перыяд» на «перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі», які вызначаецца як «перыяд абвастрэння вайскова-палітычнай абстаноўкі, цягам якога ўзнікла і захоўваецца пагроза агрэсіі супраць адной з краін з боку якой-небудзь дзяржавы або групы дзяржаў».

Новая рэдакцыя паняцця часовага фактару ажыццяўлення пагрозы значна пашырае магчымасці для поўнамаштабнага разгортвання сіл так званай Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА, а фактычна групоўкі ПКС РФ на тэрыторыі Беларусі.

Па-першае, для гэтага ўжо не патрабуецца пагрозы ўзброенага нападу, а дастаткова толькі ўзнікнення і захавання пагрозы агрэсіі. Фактычна, кожнае з падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны, якое дыслакуецца ўсцяж мяжы з Расеяй і Беларуссю, можа разглядацца як фактар патэнцыйнай пагрозы агрэсіі.

Па-другое, пад гэтай нявызначанай пагрозай можа разумецца усё, што заўгодна, пачынаючы ад заяў асобных лідараў палітычных сіл, і да стварэння вайсковых баз НАТА на тэрыторыі Украіны.

Па-трэцяе, «перыяд абвастрэння вайскова-палітычнай абстаноўкі», пры жаданні, можна пачынаць адлічваць ад моманту пачатку акупацыі Крыма або вайны на Данбасе. Бо гэтая і сапраўды абвостраная абстаноўка мае месца ва Украіне, працягласць мяжы з якой у Беларусі складае больш за тысячу кіламетраў.

У гэтай сувязі варта асабліва адзначыць, што на тэрыторыі Беларусі ў перыяд з 8 снежня 2013 г (Майдан) і аж да 7 верасня 2014 г (падпісанне першага Менскага пагаднення аб Данбасе) знаходзіўся абмежаваны кантынгент ВКС РФ, які грунтаваўся на беларускіх авіябазах у Баранавічах і Бабруйску.

Таксама варта звярнуць увагу на прадугледжаныя Пратаколам змены ў Раздзелы аб Адзінай рэгіянальнай сістэме супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

У дзейным Раздзеле значыцца, што ўпаўнаважаныя органы Бакоў супольна з камандуючым Адзінай рэгіянальнай сістэмы арганізуюць узаемадзеянне «паміж Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі (сіламі) супрацьпаветранай абароны Балтыйскага флоту, аб'яднаннямі Вайскова-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі, Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».

У новай рэдакцыі гэта ўзаемадзеянне ўжо ажыццяўляецца «паміж Паветрана-касмічнымі сіламі Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі, Заходняй вайсковай акругай, аб'яднаннямі Вайскова-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі, Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».

З'яўленне ў гэтым кантэксце ЗВА ВС РФ (які прымыкае да межаў Беларусі і Украіны) можа сведчыць аб жаданні пашырыць вайсковы інструментар на выпадак «абвастрэння вайскова-палітычнай абстаноўкі».

Нагадаем, што Расея праводзіць перакідку ўдарных бронетанкавых груп да сваіх заходніх межаў напярэдадні супольнага стратэгічнага вучэння «Захад-2017». Манеўры будуць праходзіць 14-20 верасня, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.

Кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь варта задумацца аб перспектывах «вайсковага супрацоўніцтва» з палітычным рэжымам, раз'юшаным міжнароднымі санкцыямі, народ якога жыве ў нястачы ў «маленькіх пераможных войнах». Магчыма, наўпрост цяпер чарговай славянскай краіне (альбо асобнай яе частцы) старанна і метадычна рыхтуюць «вяртанне ў родную гавань». Мала прыемнага абяцае і патэнцыйнае ўцягванне Беларусі ў канфлікт РФ з Украінай.

У гэтай сувязі характэрна, што ўжо цэлы месяц застаецца вакантнай пасада камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі. Генерал-маёр Алег Двігалёў, які займаў гэтую пасаду цягам апошніх 5 гадоў, 18 ліпеня быў прызначаны старшынём дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі. Імя былога камандуючага фігуруе ў матэрыяле аб патэнцыйных агентах уплыву РФ у Беларусі. Можна выказаць здагадку, што зняцце з пасады Двігалёва і такое доўгае непрызначэнне пераемніка сведчыць аб спробе Менска ціха сабатаваць «супрацоўніцтва», ператварае Беларусь у закладніцу замажнапалітычных авантур Крамля.

Апошнія навіны