BE RU EN

Мікалай Чарнавус: Няхай Лукашэнка графік пад сябе падладжвае, а дзяцей не кранае

  • 25.08.2017, 14:01

Самадурства аднаго чалавека адбіваецца на гаманцах астатніх.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў бацька двух сыноў-дзявяцікласнікаў, актывіст з Баранавічаў Мікалай Чарнавус-малодшы, каментуючы апошнія школьныя «рэформы».

- Асабіста я негатыўна стаўлюся да пераносу пачатку вучэбных заняткаў у школах на 9 раніцы. На мой погляд, не трэба прывязваць усіх пагалоўна да адной нейкай пастановы, бо яна можа быць памылковай. А я мяркую, што ў гэтым выпадку так яно і ёсць.

Няхай Лукашэнка сам свой графік пад сябе падладжвае, а дзяцей не кранае. Ёсць жа аддаленыя навучальныя ўстановы, напрыклад, у сельскай мясцовасці і я мяркую, што школы павінны пытанні што да графіка ўзгадняць з бацькамі. Да пытання пачатку заняткаў трэба падыходзіць больш дэмакратычна, каб у бацькоў і школьнікаў было права выбару.

- Ці даставіць увядзенне так званага «графіка пад Колю» нязручнасці вашай сям'і?

- Я думаю, што праблемы будуць, бо дзеці наведваюць факультатыўныя заняткі, спартовыя гурткі, музычныя школы і дадатковыя заняткі для агульнага развіцця. Калі ж заняткі будуць пачынацца а 9 раніцы, то дзеці пазней пойдуць у школу, што адаб'ецца на нагрузцы, бо ў іх будзе менш часу для адпачынку, графік разбіваецца. Увогуле, я ўпэўнены, што пастанова падбудаваць «графік пад Колю» - памылковая.

- Як вы ставіцеся да ідэі ўладаў увесці школьную форму?

- Да ўвядзення школьнай формы я таксама стаўлюся негатыўна. З аднаго боку, ёсць плюсы, але перажыўшы савецкія часы, я разумею, што ўлады, навязваючы свае такія пастановы, спрабуюць рэанімаваць беларускага вытворцу.

У кожнага з бацькоў свае магчымасці і жаданні, мы самі павінны думаць, як апранаць сваіх дзяцей. Галоўнае, каб усё было ў рамках дзелавога стылю, а не ўсе «шэрыя» або «чырвоныя». У людзей павінна быць свабода выбару.

Натуральна, калі гаворка ідзе пра спецыялізаваныя ўстановы, так, там павінна быць форма, а ў звычайных школах права павінна застацца за бацькамі.

Абуральна, што ўлады навязваюць форму, а плаціць за гэта павінен бацька. Дур аднаго адбіваецца на гаманцах астатніх.

Нагадаем, сёння адзіная пастанова ў пытанні пачатку вучэбных заняткаў у школах і гімназіях не прынятая. Некаторыя сталічныя гімназіі ўжо паведамілі вучням, што першы ўрок будзе пачынацца а 8.30, іншыя ж перайшлі на заняткі з 9.00 раніцы. Напрыклад, з паведамленняў бацькоў, у сталічных гімназіях №12 і №32 урокі будуць пачынацца з 8.30, а ў шэрагу школ бацькам падчас першага ўрока пакуль не паведамілі.

У Смаргоні ў Гарадзенскай вобласці, напрыклад, вядома, што ў чатырох школах заняткі будуць пачынацца а 8.30, а ў трох школах і гімназіі - а 9.00.

У Міністэрстве адукацыі і Камітэце адукацыі Менскага гарвыканкама пакуль не змаглі падаць абагульненыя звесткі аб тым, а якой гадзіне будуць пачынацца заняткі ў школах і гімназіях у Менску і ў краіне. Але нагадалі, што графік вызначаюць адміністрацыі ўстаноў адукацыі.

Апошнія навіны