Танкавая брыгада з Падмаскоўя перакідваецца ў Беларусь для барацьбы з «дыверсантамі»
- 14.09.2017, 10:48
Вайскоўцаў паднялі па трывозе.
Брыгада Першага танкавага войска (Падмаскоўе) паднятая па трывозе падчас вайсковых вучэнняў «Захад 2017», паведамілі «Інтэрфаксу» ў чацвер у прэс-службе Заходняй вайсковай акругі.
«Асабісты склад танкавага злучэння са штатным узбраеннем і тэхнікай здзейсніў марш на чыгуначную станцыю пагрузкі, пасля чаго воінскім эшалонам цягам дня будзе перакінуты ў раён правядзення вучэння на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», - сказалі ў прэс-службе.
Вайскоўцы паведамілі, што паводле задумы вучэнняў атрыманая інфармацыя пра выкрыццё на тэрыторыі аднаго з раёнаў «саюзнай дзяржавы» незаконнага ўзброенага фармавання.
«Камандаваннем Заходняй вайсковай акругі была прынятая пастанова аб уздыме па трывозе асабістага складу асобнай танкавай брыгады Першага гвардзейскага танкавага войска, дыслакаванага ў Падмаскоўі», - сказалі ў ЗВА.
У акрузе паведамілі, што падчас вучэння расейскія і беларускія танкісты адпрацуюць пытанні ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння войскаў, сучасныя падыходы баявога выкарыстання падраздзяленняў, правядзення барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсійна-выведвальнымі групамі праціўніка, паведамілі ў ЗВА.
Нагадаем, сёння афіцыйна пачаліся расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічаная рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў - больш за 4-ы тысячы. Многія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.
У вучэннях будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавым. Таксама паведамляецца, што запланаваны рэйды на «адрэзку мясцовасці» каля Дрэтуні.
8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».