Наталля Папкова: Святкаваць 100-я ўгодкі БНР можна толькі ў цэнтры сталіцы
- 15.01.2018, 12:55
У такі дзень усе, хто ўважае сябе за патрыёта Беларусі, маюць аб'яднацца.
Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org заявіла кіраўніца Берасцейскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», актывістка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Наталля Папкова, распавядаючы пра значэнне святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка ў цэнтры Менска.
- Што для Вас азначае дзень абвяшчэння незалежнасці БНР?
- Асабіста для мяне абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі - гэта вельмі значнае свята. Тады, 25 сакавіка 1918 года, беларусы аб'ядналіся, каб адбараніць незалежнасць краіны. Можна сказаць, што 100 гадоў таму Беларусь стала незалежная ад замежных ворагаў.
- Чаму, на Ваш погляд, важна 25 сакавіка выйсці ў цэнтр Менска?
- А дзе яшчэ святкаваць такі важны дзень у гісторыі Беларусі, як не ў цэнтры сталіцы? Я мяркую, што дату абвяшчэння незалежнасць БНР мае ведаць кожны беларус і ганарыцца гэтай часткай гісторыі нашай краіны. Мы маем годна святкаваць нацыянальныя святы.
На мой погляд, для святкавання стагоддзя БНР маюць аб'яднацца ўсе людзі, які жывуць у нашай краіне і ўважаюць яе за сваю Радзіму! Апазіцыя мае аб'яднацца ў гэты дзень.
- Заўтра ў канторы прафзвязу РЭП адбудзецца сход аргкамітэта для правядзення акцыі ў Дзень Волі. Што Вы чакаеце ад яго?
- Я чакаю, што ўсе лідэры апазіцыйных партый падтрымаюць Беларускі Нацыянальны Кангрэс. Калі ж некаторыя партыі ўстрымаюцца або паспрабуюць неяк дыскрэдытаваць акцыю, значыць не такія яны і патрыёты. Ім перамены ў нашай краіне не патрэбныя.