BE RU EN

Леанід Судаленка: Спадзяемся на міжнародную салідарнасць

  • 31.01.2018, 11:09

Праваабаронца заклікае падтрымаць незалежны прафзвяз РЭП.

30 студзеня следства ў Брагіне апытала ў якасці сведкі сябра прафзвязу РЭП Уладзіміра Церамецкага. Следчых цікавіць усё, што звязана з асобай лідара прафзвязу Генадзя Фядыніча - стаўленне да яго, ягоныя даручэнні, у тым ліку і за мяжой, выплата прафзвяных унёскаў, адным словам - грошы. Прававы інспектар прафзвязу Леанід Судаленка заяўляе, што ў справе прафзвязу няма права, ёсць толькі палітыка.

Тое, што адбываецца ён расцэньвае як неправамернае ўмяшанне ў дзейнасць незалежнага прафзвязу (асацыяцыі), якое не павінна заставацца беспакаранымі.

- Відавочна, улада ізноў паставіла калёсы наперадзе каня. На роўным месцы распачалі крымінальную справу, правялі ператрусы, выставілі сур'ёзнае абвінавачванне ў нявыплаце падаткаў, а довадаў няма! На волю з-пад арышту адпушчаны бухгалтар прафзвязу Ігар Комлік. У прынцыпе, будзь у гэтай справе права, крымінальны пераслед трэба было б спыніць, кампенсаваўшы прафзвязу маральныя і матэрыяльныя выдаткі, - мяркуе прафзвязны юрыст.

- Замест гэтага, справа прадаўжаецца i будзе прадаўжацца, пакуль яе аўтары не зразумеюць, што танней пераслед незалежнага прафзвязу спыніць, бо занадта вялікія эканамічныя выдаткі. Унутры краіны такога рэсурсу, з якім улада магла б па гэтай справе сесці за стол перамоў мы не назіраем. Надзея застаецца на міжнародны прафзвязны рух, спадзяюся, гэты палітычнае пытанне не будуць замоўчваць ў Еўропе, - заявіў Л. Судаленка.

Ён таксама адзначыў, што ў кожных формах прамога «дыялогу» з беларускімі ўладамі еўрапейскія палітыкі павінны ставіць на першае месца тэму спынення ўмяшання ў дзейнасць незалежных прафзвязаў у Беларусі. Вельмі важна, каб на падзеі была адпаведная міжнародная рэакцыя, інакш, як мяркуе юрыст, пасля апытанняў чальцоў прафзвязу пачнуць апытваць іх сваякоў, бо крымінальная справа паводле закону можна доўжыцца да бясконцасці.

Нагадаем, толькі ў студзені ў Гомельскім рэгіёне на допыты ў якасці сведак следства выклікала больш за 100 шараговых чальцоў прафзвязу. Паступае інфармацыя аб допытах і ў іншых рэгіёнах краіны. Спісы сябраў прафзвязу следчыя захапілі падчас ператрусаў у офісе прафзвязу.

Апошнія навіны