Бунт пад Светлагорскам: «На заводзе нейкі аўрал або аварыя была»
- 8.01.2018, 10:50
Жыхары Якімавай Слабады Светлагорскага раёна працягваюць бараніць сваё права на чыстае паветра.
Іх пратэсты выкліканыя распаўсюджваннем па наваколлі цяжкага хімічнага смуроду, які разносіць нядаўна пабудаваны кітайскай карпарацыяй «САМС» завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ «Светлагорскі ЦКК» завод, паведамляе svaboda.org.
«Улады хочуць закрыць нам рот»
Першы масавы пратэст у Якімавай Слабадзе адбыўся 25 снежня, калі ў цэнтр вёскі выйшлі каля дзвюхсот мясцовых жыхароў. Людзі абураліся, што ў іх мясцовасці зрабілі «газавую камеру» і «даліну смерці».
Праз два дні больш за паўтары сотні жыхароў накіравалі лісты пратэсту ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства прыроды.
«Пасля нашага стыхійнага сходу прыязджаў участковы, распытваў, хто збірае людзей, хто імі кіруе. Пытаўся таксама, што гэта за жанчына здымала cход на відэа, фотаздымак паказваў. Улады хочуць закрыць нам рот, каб усё было ціха, усе маўчалі», — кажа вяскоўка Людміла.
Навагодні падарунак
Раніцай пасля навагодняй ночы мясцовыя жыхары, паводле іх слоў, зноў перажывалі «газавую атаку», бо вецер дзьмуў менавіта ў бок Якімавай Слабады.
«На заводзе нейкі аўрал ці аварыя была, бо стаяў такі смурод, што падзецца не было куды, — апавядаюць вяскоўцы. — Чорная вада хлынула з завода праз ліўневую трубу ў раўчук, які ўпадае ў раку Бярэзіну. Выклікалі службу МНС».
Спадар Бібік, вясковец у гадах, быў на месцы здарэння.
«Майму брату стала так блага, што я адразу адвёз яго дадому. Хвіліны праз тры ці чатыры мяне званітавала ад гэтага смуроду», — кажа мужчына.
«Нас проста атручваюць»
Вяскоўцы скардзяцца на дзёр у горле, у бронхах, прыступы ўдушша. Пенсіянерка Зінаіда згадвае, што пару дзён таму ехала аўтобусам дадому са Светлагорску. У аўтобусе поўна дзяцей — вярталіся з экскурсіі. Калі наблізіліся да заводу, які прымыкае ўшчыльную да вёскі, смурод быў такі, што дзеці сталі шалікамі ды шапкамі насы закрываць.
«Гэта ж атрута, нас проста атручваюць», — абураецца пенсіянерка.
«Будуйце саркафаг, як у Чарнобылі»
Вясковыя жыхары згадваюць, што яшчэ на пачатку будаўніцтва завода мясцовыя начальнікі ўсяляк супакойвалі жыхароў, пераконвалі: гэта будзе такая вытворчасць, што «людзі будуць хадзіць у белых тапках». «Вось яны белыя тапкі ўсім і падрыхтавалі», — скрушна жартуюць цяпер у Якімавай Слабадзе.
«У мяне дзве першыя ночы новага году, калі быў асабліва моцны смурод, перыядычна ішла кроў з носа. Я думаў, што гэта толькі ў мяне аднаго. А тут і сусед скардзіўся — і ў яго такая ж бяда», — апавёў сталага веку вясковец, які назваўся Рыгорам.
Вясковец мяркуе, што калі завод не можа зрабіць поўную ачыстку сваіх выкідаў, то няхай будуе саркафаг, як Чарнобылі — і працуе пад гэтым саркафагам. Бо ў сямідзесяці выпадках з ста вецер дзьме ў бок Якімавай Слабады і атручвае наваколле — такая тут «ружа вятроў».
Дэпутаты не азадачыліся
Пры канцы бягучага тыдня ў Якімавай Слабадзе чакалі прадстаўнікоў з Міністэрства аховы здароўя і Мінпрыроды, але на сустрэчу з вяскоўцамі ніхто не прыехаў. Людзі абураны яшчэ і тым, што і дзейныя дэпутаты не азадачыліся тутэйшай экалагічнай сітуацыяй.
«Агітавалі тут у нас за Галіну Філіповіч на другі тэрмін у Палату прадстаўнікоў, але і яна вачэй не паказвае», — здзіўляюцца вяскоўцы.
Няма поўнай інфармацыі
Грамадскія актывісты Светлагорску, на ўскрайку якога паўстаў завод сульфатнай беленай цэлюлозы, спрабавалі высветліць на прадпрыемстве, што менавіта і ў якой колькасці ляціць ў паветра, напаўняючы яго хімічным смуродам. Аднак уцямнага адказу не атрымалі.
«Мы звярнуліся ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Прыйшоў адказ на трох старонках, але зноў-такі без указання, якія па складзе хімічныя рэчывы і ў якой колькасці выкідвае завод. Грамадству не даюць поўнай інфармацыі», — кажа Тэльман Масьлюкоў, адзін з чальцоў гарадской ініцыятыўнай групы, што яшчэ на этапе абмеркавання выступала супраць будаўніцтва ў горадзе трэцяга хімічнага прадпрыемства і сабрала звыш 10 тысяч подпісаў.
Па звестках актывістаў, у паветра завод беленай цэлюлозы выкідвае меркаптаны — сярністыя злучэнні, якія маюць непрыемны пах і нават у невялікіх канцэнтрацыях адмоўна ўплываюць на самаадчуванне чалавека.
Першая цэлюлоза — Шклову
На новым прадпрыемстве ўжо адрапартавалі, што выпусцілі першую тысячу тон цэлюлозы і адправілі яе ў Шклоў на завод «Спартак», дзе выпускаюць газетную паперу, а таксама у Добруш, на папяровую фабрыку «Герой працы».
Кіраўнікі цэлюлозна-кардоннага камбінату, на базе якога ўзведзены завод сульфатнай беленай цэлюлозы, просяць праз мясцовы друк жыхароў Светлагорску і Якімавай Слабады з разуменнем паставіцца да пуску-наладкі новай вытворчасці. Запэўніваюць, што ў рэалізаваным на кітайскі крэдыт праекце «пытанні экалагічнай бяспечнасці прадугледжаны». У свеце, маўляў, 90 адсоткаў цэлюлозы вырабляецца па такой жа тэхналогіі, якая рэалізавана на Светлагорскім ЦКК.
Спасылаюцца таксама на мясцовыя санітарна-экалагічныя службы, якія не фіксуюць перавышэння дапушчальных узроўняў выкідаў шкодных рэчываў.
Шакалад — у кандытараў, у хімікаў — хімія
Тэхнічная ды экалагічная службы камбінату адмаўляюцца наўпрост каментаваць сітуацыю на новым хімічным заводзе. Пагаварыць пагаджаецца начальнік аддзелу па агульных пытаннях ЦКК Аляксандар Гудыменка.
«Да нас ніхто не звяртаўся, ніхто нас не інфармаваў пра стыхійныя мітынгі ды абурэнні. Што вылятае ў паветра і смярдзіць, не магу сказаць, бо не спэцыяліст. Я адказваю за сацыяльныя пытанні», — заўважае Гудыменка
Прадстаўнік камбінату пацвердзіў, што 4 студзеня на заводзе беленай цэлюлозы «былі спецыялісты з прыродаахоўных стуктураў, бралі пробы. І будуць рабіць гэта рэгулярна». А з «дурным смуродам» ЦКК мае разабрацца да канца студзеня, адладзіўшы рэгенерацыю хімічных рэчываў».
«Калі вы ідзеце паўз хлебазавод, пахне хлебам, каля кандытарскай фабрыкі — пахне шакаладам. У нас хімічнае прадпрыемства, можа недзе чымсьці і смярдзіць. Але ж санітарныя службы не выяўляюць перавышэння дапушчальных узроўняў выкідаў шкодных рэчываў», — зазначае Аляксандар Гудыменка.
Паводле суразмоўцы, завод сульфатнай беленай цэлюлозы яшчэ наагул не ўведзены ў шэраг дзеючых. Аднак яшчэ 11 снежня дзелавы часопіс пра Кітай «ChinaPRO» паведаміў, што ў Гомельскай вобласці ўведзены ў эксплуатацыю завод магутнасцю 400 тысяч тонаў сульфатнай беленай цэлюлозы ў год.