Мэркель і Макрон пададуць план рэформаў ЕЗ
- 18.11.2018, 20:11
Канцлерка Нямеччыны і прэзідэнт Францыі пададуць план да сярэдзіны снежня.
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон маюць намер да сярэдзіны снежня падаць сваім партнёрам з Еўразвязу прапановы для яго рэфармавання.
Пра гэта лідары абедзвюх краін заявілі ў нядзелю, 18 лістапада, падчас сустрэчы ва ўстанове канцлеркі ФРГ у Бэрліне, куды Макрон прыбыў з нагоды Народнага дня смутку. Цяпер трэба "сапраўды ўявіць пэўныя вынікі", патлумачыла канцлерка ў кулуарах сустрэчы, паведамляе DW.
"Мы павінны да траўня здзейсніць вельмі шмат для таго, каб зрабіць Еўропу яшчэ больш згуртаванай, суверэннай і эфектыўнай" - заявіў прэзідэнт Францыі перад сустрэчай з канцлеркай ФРГ, адзначыўшы неабходнасць адпаведнага нямецка-французскага пагаднення. У канцы траўня ў краінах ЕЗ пройдуць выбары ў Еўрапарламент.
"Мы знаходзімся на ростанях"
"Ты сказаў, што мы знаходзімся на раздарожжы. Гэта менавіта тое, што я адчуваю", - звярнулася Мэркель да прэзідэнта Францыі на супольнай прэс-канферэнцыі. Яна назвала "вельмі сімвалічным" тое, што тыдзень таму разам з Макронам у Францыі ўзяла ўдзел у цырымоніі з нагоды заканчэння Першай сусветнай вайны, а цяпер ён прыехаў у Бэрлін з нагоды Народнага дня смутку, які адзначаецца ў Нямеччыне ў памяць аб загінулых у войнах і ахвярах таталітарных рэжымаў.
Макрон, выступаючы ў бундэстагу адзначыў, што "новая нямецка-французская задача палягае ў тым, каб забяспечыць Еўропу інструментамі, патрэбнымі для здабыцця большай самастойнасці".
Што маюць на мэце рэформы ЕЗ
Меркаваныя рэформы ЕЗ уключаюць зацвярджэнне агульнага бюджэту для 19 краін-чальцоў еўразоны і стварэнне еўрапейскага валютнага фонду на аснове Еўрапейскага стабілізацыйнага механізму (EMS). Спрэчным застаецца ўвядзенне так званага лічбавага падатку для буйных канцэрнаў.
13 і 14 снежня ў Брусэлі адбудзецца саміт Еўразвязу. Назіральнікі адзначаюць, што часу для правядзення рэформаў застаецца не так шмат, бо яны могуць зацягнуцца ў сувязі з выхадам з ЕЗ Вялікабрытаніі ў сакавіку 2019 і года і магчымай перамогі правых папулістаў на выбарах у Еўрапарламент.