Павел Севярынец: Напал Маршаў абураных беларусаў чакае свайго часу
- 19.02.2018, 13:52
Год таму людзі набылі веру ў свае сілы і магчымасці.
Пра гэта Charter97.org заявіў адзін з лідараў аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец у каментары пра гадавіну Маршаў абураных беларусаў:
- З аднаго боку, пратэсты 2017 году былі нечаканымі, а з другога - цалкам прадказальнымі.
Гэтыя пратэсты паказалі, што цярпенне беларускага народа не бязмежнае і трыванне зла - не бясконцае.
Ёсць апошняя кропля, якая падае - і беларускі народ паўстае. Менавіта пасля пратэстаў 2017 году рэжым упершыню за апошнія гады «адкруціў» назад абсурдную ініцыятыву ў збіранні падаткаў з беспрацоўных.
Маршы абураных беларусаў сталі нашай агульнай перамогай. Беларусы за некалькі месяцаў паверылі ў тое, што яны могуць нешта змяніць у краіне. І я думаю, што зарад бадзёрасці тых маршаў захаваўся ў людзей і чакае свайго часу. І калі гэты час прыйдзе, калі рэжым зробіць фатальную памылку і ўпадзе апошняя кропля - беларусы будуць ведаць, што рабіць.
- Ці можа новы дэкрэт аб «дармаедах» стаць такой кропляй?
- Падпісаўшы дэкрэт №1, рэжым Лукашэнкі паказаў, што яго гвалтоўны характар не змяніўся. Але я думаю, што тут найшла каса на камень.
Рана ці позна рэжыму давядзецца заплаціць за гвалт з грамадзянаў. Думаю, што людзі выйдуць зноўку. Магчыма, гэта будзе на адразу, а тады, калі новы дэкрэт закране крытычную масу беларусаў. У кожным выпадку, магчымы альбо паўтор падзей 2017 года, альбо нешта яшчэ больш магутнае.
Таму што грань трывання зла людзьмі становіцца ўсё больш тонкай. Беларускі народ набліжаецца да лініі пратэстнага выбуху.