BE RU EN

Яўген Афнагель: Энэргетыка Марша абураных беларусаў уражвае

  • 19.02.2018, 17:04

Такія жыццёвыя ўрокі не забываюцца.

Пра гэта Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель у каментары пра мінулагоднія масавыя пратэсты супраць дэкрэта №3:

- Нягледзячы на розныя ацэнкі колькасці ўдзельнікаў Марша абураных беларусаў, усе сыходзіліся ў адным - гэтая была самая масавая дэманстрацыя, якая прайшла ў Менску пасля Плошчы 2010 года. Уражвала энэргетыка акцыі. Асабліва прыемна было бачыць вялізную колькасць людзей, якія раней наогул ніякага дачынення да акцый апазіцыі не мелі. З іх гутарак і паводзін была бачная гатоўнасць да рашучых дзеянняў, станавілася зразумела, што гэта толькі пачатак пратэстаў. Так яно і выйшла - Марш даў старт маштабным акцыям ва ўсёй краіне.

І колькасць людзей, якія выйшлі на акцыю 17 лютага і энэргетыка акцый, і наступныя падзеі былі чаканымі. Яшчэ ўвосень Беларускі Нацыянальны Кангрэс папярэджваў, што неўзабаве пачнуцца сур'ёзныя сацыяльныя пратэсты. Незадаволенасць, якая назапашвалася цягам многіх гадоў, угноеная здзеклівымі дзеяннямі ўладаў, не магла не выліцца на вуліцу.

- Нядаўна быў падпісаны новы «дармаедскі» дэкрэт №1. Якімі могуць быць наступствы яго выканання?

- Я не ўпэўнены, што дэкрэт №1 запрацуе. Бо калі гэта адбудзецца - людзі зноў выйдуць на вуліцу. Агульнымі намаганнямі нам удалося скасаваць дэкрэт №3 - гэта першая сур'ёзная перамога народа над дыктатарам. Акрамя таго, Лукашэнка заплаціў высокі кошт за падаўленне пратэстаў - гэта тычыцца і іміджавых страт, і сродкаў, выдаткаваных на мабілізацыю сілавікоў і спецслужбаў. Людзі - і ўдзельнікі акцый, і тыя, хто глядзеў стрым з пратэстаў - убачылі, як працуе салідарнасць, і чаго можна дамагчыся простым выхадам на акцыю пратэсту. А яшчэ - зразумелі, як шмат тых, хто ненавідзіць рэжым, хто гатовы змагацца. Такія жыццёвыя ўрокі не забываюцца.

Паспяховы прыклад барацьбы з дэкрэтам №3 цяпер можа быць ужыты для скасавання усіх неадэкватных ініцыятыў - ад падвышэння «камуналкі», да аўтамабільнага падатку або росту коштаў. І гэта можа быць не арганізаваны пратэст, а стыхійны бунт, калі ніхто не стане прапаноўваць Лукашэнку перамовы, як гэта было летась. Я быў у многіх рэгіёнах краіны і бачу настроі людзей. Падзеі 2017 года могуць здацца Лукашэнку «кветачкамі».

Апошнія навіны