Рыгор Месежнікаў: Парушэнне свабоды слова – нагода для вяртання санкцый супраць Лукашэнкі
- 6.02.2018, 9:09
Ціск на дыктатара заўсёды дае найлепшы вынік.
Пытанне свабоднага доступу да «Хартыі-97» - гэта пытанне ў тым ліку і еўрапейскай бяспекі. Таму абмежаванне свабоды СМІ ў Беларусі павінна выклікаць самую жорсткую рэакцыю еўрапейскіх палітыкаў. Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў славацкі палітолаг, кіраўнік Інстытута грамадскіх праблем Рыгор Месежнікаў:
- Блакаванне «Хартыі-97» - гэта рэпрэсіўны крок, сэнс якога палягае ў тым, каб адрэзаць беларускае грамадства ад аб'ектыўнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне і ў свеце.
Гэта пастанова лішні раз паказвае аўтарытэт гэтага інфармацыйнага рэсурсу.
З іншага боку, гэта адлюстроўвае сутнасць інфармацыйнай палітыкі беларускай дзяржавы.
Мяркуючы з усяго, Лукашэнка захоча прадоўжыць свае «гульні» з Захадам нейкімі асобнымі жэстамі, што ён нібыта гатовы да «дыялогу». Але абмежаванне доступу да незалежных СМІ руйнуе ўсю ягоную гульню і дае выразны сігнал: рэжым у Менску не здольны мяняцца.
Лукашэнка заўсёды гуляў у двайную гульню, але цяпер ён яшчэ раз даў зразумець, што яму нашмат бліжэйшы ўсходні сусед, з якім у яго ёсць глыбіннае тыпалагічнае падабенства.
- Дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус у ацэнцы сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі заклікаў спыніць усякі «дыялог» з рэжымам Лукашэнкі. Вы згодныя з такім падыходам?
- Самым адэкватным падыходам можа быць выразная абумоўленасць усіх крокаў з боку Захаду сітуацый з правамі чалавека і свабодай СМІ ў Беларусі. А адзіным эфектыўным сродкам Еўразвязу можа быць толькі націск на рэжым Лукашэнкі. А калі рэпрэсіі супраць беларусаў пяройдуць нейкую ўмоўную лінію – то і поўнае спыненне усякіх стасункаў з афіцыйным Менскам.
Пры кожных абставінах Захад павінен зыходзіць з таго, што дэмакратыя і правы чалавека – гэта асноватворны фактар у дачыненнях паміж дзяржавамі. Узмацненне жорсткасці палітыкі Захаду можа стаць добрым сігналам для таго, каб беларускі рэжым не пераходзіў яшчэ больш выразныя лініі.
- Згаданы вамі «націск» на рэжым Лукашэнкі – у чым канкрэтна ён можа выяўляцца?
- Як мы памятаем, яшчэ нядаўна Еўразвяз карыстаўся метадам персанальных санкцый супраць вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, а таксама абмежаваннямі эканамічных дачыненняў.
У свой час гэта прывяло да пэўных вынікаў. Цяпер было б правільна прааналізаваць, што з гэтага ў большай ступені паўплывала на сітуацыю ў Беларусі, і аднавіць дзеянне найбольш эфектыўных санкцый. На маю думку, больш жорсткі падыход да рэжыму Лукашэнкі дасць больш адчувальны вынік.
А ўсе сігналы аб змякчэнні пазіцыі ЕЗ матывуюць афіцыйны Менск да больш рэпрэсіўных дзеянняў. У дачыненнях з такога тыпу рэжымамі найбольш эфектыўным з'яўляецца як раз максімальна жорсткі падыход.
- У інтэрв'ю ўкраінскаму выданню «Гордон» вы калісьці адзначылі, што Крэмль праводзіць палітыку «інфармацыйнага разгойдвання» Еўропы. На вашу думку, блакаванне «Хартыі-97» палягчае задачу крамлёўскіх і пракрамлёўскіх СМІ?
- Вядома, гэта выгадна крамлёўскім стратэгам. Гэта відавочна: расейская прапаганда больш камфортна адчувае сябе, калі няма канкурэнцыі з боку альтэрнатыўнай крыніцы незалежнай інфармацыі.
Блакаванне «Хартыі-97» вядзе да стварэння менавіта такой сітуацыі. Пазіцыя беларускага сайта цалкам выразная і зразумелая, і яна, на маю думку, адыгрывала важную ролю ў нейтралізацыі расейскай прапаганды.
Што вельмі важна: блакаванне «Хартыі-97» будзе мець наступствы не толькі ў выглядзе ўзмацнення крамлёўскай прапаганды ў самой Беларусі. Аб'ектыўна блакаванне гэтага сайта спрыяе прапуцінскай «пятай калоне» ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.
Хачу адзначыць, што ў інфармацыйнай палітыцы беларускага кіраўніцтва і Расейскай Федэрацыі цяпер назіраецца дзіўнае супадзенне ва ўсіх сістэмаўтваральных элементах: стаўленне да Захаду, ЕЗ і NATO, спробы нівеліраваць дэмакратычныя каштоўнасці і гэтак далей. Можна сказаць, што інфармацыйная палітыка Крамля і Менску ідуць рука аб руку.
- Ці гатовыя ўрады еўрапейскіх краін, асабліва ўсходнееўрапейскіх, абараняць свае дэмакратычныя інстытуты ад прарасейскай «пятай калоны»?
- Вядома, тут робяцца намаганні на розных узроўнях. Самую актыўную працу ў гэтым кірунку праводзяць няўрадавыя арганізацыі і экспэртная супольнасць.
Акрамя таго, у некаторых краінах ствараюцца спецыяльныя падраздзяленні для абароны ад расейскай інфармацыйнай агрэсіі.
Асноўны еўрапейскі палітычны мэйнстрым прыходзіць цяпер да разумення, што расейская прапаганда пагражае самім асновам ліберальнай цывілізацыі. Нядаўна ў Еўрапарламенце прайшло спецыяльнае пасяджэнне, прысвечанае менавіта адбіццю расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Пераважная большасць еўрадэпутатаў выказалася за сур'ёзныя захады ў барацьбе з прапагандай.
Таму пытанне свабоднага доступу да «Хартыі-97» цяпер супадае з еўрапейскім палітычным мэйнстрымам.
- Гэта значыць, «Хартыя-97» можа разлічваць на падтрымку з боку еўрапейскіх палітыкаў?
- Я ў гэтым не сумняваюся. Думаю, асноўная інфармацыя ўжо данесеная да тых, хто ў Еўрапарламенце і наогул у Еўразвязе займаецца гэтымі пытаннямі. Я мяркую, што сур'ёзны ціск на беларускія ўлады ў гэтай сітуацыі – не толькі неабходны, але і магчымы.
Вядома, трэба не здавацца і далей інфармаваць аб сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі і шырокую еўрапейскую грамадскасць, і тых, хто мае дачыненне да прыняцця палітычных пастаноў.
Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.
Абыйсці блакаванне можна, і вось інструкцыі:
- Новыя простыя спосабы абысці блакаванне сайта Charter97.org
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»