BE RU EN

Алесь Яўсеенка пра блакаванне «Хартыі-97»: Пара пераходзіць да дзеянняў

  • 6.02.2018, 11:47

Свабодная Беларусь - адзін з найважнейшых фактараў спакою ў Еўропе.

Пра гэта заявіў прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гомелі Алесь Яўсеенка, каментуючы блакаванне сайта Сharter97.org:

- Улады не хочуць слухаць ніякага альтэрнатыўнага меркавання і крытыкі ў свой адрас. Яны і так да яе не прыслухоўваліся, а цяпер пайшлі на захады для ліквідацыі незалежных СМІ. Людзей пазбаўляюць права на інфармацыю, пазбаўляюць права на аналіз. Для таго і існуюць розныя крыніцы інфармацыі, каб чалавек супаставіў факты і аб'ектыўна ацаніў. Нас пазбаўляюць такой магчымасці. Ідзе гульня ў адну браму.

- Як вы думаеце, чаму пастанова аб блакаванні cайта сharter97.org была прынятая менавіта цяпер?

- Улады спужаліся святкавання 100-годдзя БНР. Блакаванне можа быць звязанае з гэтай падзеяй. Таксама пагаршаецца эканамічная сітуацыя ў краіне і каталізатарам для народных пратэстаў могуць стаць (як гэта было летась), вясновыя акцыі. Просты беларус жыве ўсё горш і горш. Людзі выходзяць з афіцыйных прафзвязаў. Кожны, па меры сваіх магчымасцяў, спрабуе выказаць абурэнне цяперашняй сітуацыяй.

- Якой павінна быць рэакцыя міжнароднай супольнасці на сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі?

- Захад павінен задаць сабе пытанне: «З кім мы вядзем размову?» Лукашэнка закрыў офіс АБСЕ ў Менску, выгнаў амбасада ЗША. Пра які дыялог можа ісці гаворка? Пара б ужо выказаць салідарнасць з тымі прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл, якія засталіся. Бо многія арганізацыі ўжо знішчаныя.

Еўразвяз павінен падтрымаць незалежных журналістаў, праваабаронцаў. ААН павінна патрабаваць ад Беларусі выканання тых абавязкаў, якія яна на сябе ўзяла, падпісваючы асноўныя канвенцыі і дамоўленасці.

Вядома, не варта цешыць сябе ілюзіямі і пераходзіць ад фармальных заяў да наўпроставых дзеянняў - эканамічных санкцый.

Лукашэнка таргуецца палітвязнямі, таргуецца СМІ, абменьвае змякчэнне рэпрэсій на грашовыя прэферэнцыі. Думаю, што ў сітуацыі з блакаваннем Сharter97.org, можа быць такі разлік. Таму трэба патрабаваць больш жорсткіх санкцый. Безумоўна, у Еўразвязу дастаткова сваіх праблем, але трэба думаць пра спакой у рэгіёне, а без свабоднай Беларусі гэта немагчыма.

Апошнія навіны