Абаронім «Хартыю» - абаронім незалежнасць Беларусі
- Дзяніс Івашын
- 8.02.2018, 10:09
Беларусь пераходзіць пад татальны ўплыў расейскай прапаганды.
Пра гэта заявіў рэдактар беларускай службы сайта informnapalm.org Дзяніс Івашын, каментуючы блакаванне ў Беларусі сайта Charter97.org:
- Да блакавання Charter97.org расейскія інфармацыйныя рэсурсы кантралявалі крыху больш за 50 адсоткаў ад усяго байнэту, гэта значыць палова насельніцтва Беларусі ўжо знаходзілася ў расейскай онлайн-інфармацыйнай прасторы і спажывала інфармацыйны прадукт, створаны з улікам расейскіх інтарэсаў.
Гэта вынік дзейнасці рэжыму Лукашэнкі цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Што тычыцца ўласна рэжымных онлайн-СМІ, то яны не толькі саступаюць усім астатнім, але наогул з'яўляюцца фізічна незаўважанымі. Напрыклад, агульная колькасць праглядаў старонак разам узятых СТВ, БТ і «СБ. Беларусь сегодня», кіраўнікі якіх былі звольненыя, саступаюць у Беларусі аднаму толькі сайту расейскага інфармацыйнага агенцтва - ria.ru.
На гэтым фоне забарона для беларусаў «Хартыі» - аднаго з найбольш папулярных і масавых інфармацыйных беларускіх рэсурсаў - выглядае менавіта як спроба зачысткі ўласнага беларускага інфармацыйнага поля з яго перадачай пад кантроль Расейскай Федэрацыі. Бо гэта забарона рэсурсу з больш як 2 мільёнамі унікальных наведвальнікаў штомесяц.
Вельмі характэрна, што спачатку лістапада 2017 года ў Расеі стаў актыўным федэральны закон, які прадугледжвае барацьбу са сродкамі абыходу блакавання сайтаў, забароненых на заканадаўчым узроўні. Гэты закон лабіяваў і прасоўваў праз Дзярждуму асабіста дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Гаворка ідзе пра выкарыстанне тэхналогіі DPI-фільтрацыі, якая забяспечвае глыбокі аналіз усяго трафіку для выяўлення і наступнага блакавання ананімайзераў, VPN, Tor, проксі-сэрвераў, з дапамогай якіх карыстальнікі трапляюць на забароненыя рэсурсы.
Паступае інфармацыя, што ў Беларусі таксама ўжо пачалі часткова абмяжоўваць выкарыстанне VPN, у тым ліку для абмежавання доступу да «Хартыі». З гэтага вынікае, што дзеянні рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі скаардынаваныя, чыніцца спроба зачысціць ад апазіцыйных рэсурсаў і ўзяць пад татальны кантроль і Рунэт, і Байнэт, і нават сацыяльныя сеткі. Падчас непазбежных масавых пратэстаў відавочна будзе заблакаваны доступ да сацсетак, у якіх адбываецца камунікацыя і аператыўны абмен інфармацыяй паміж грамадскімі актывістамі. Так, напрыклад, 25 студзеня 2017 года ў РФ на некалькі гадзін быў абмежаваны доступ да Фэйсбуку. Я цалкам дапускаю, што гэта было выпрабаванне новай сістэмы блакавання.
- Ці прывядзе гэта да росту ўплыву расейскіх і прарасейскіх СМІ?
- Безумоўна. Маем парадаксальную сітуацыю, калі рэжымам забаронены адзін з самых магутных прабеларускіх парталаў, які эфектыўна супрацьстаіць расейскай агрэсіўнай прапагандзе, і ў той жа час у вольным доступе мы маем цэлую процьму беларусафобскіх рэсурсаў, якія пашыраюць антыбеларускую прапаганду, разглядаюць Беларусь як недадзяржаву, а беларусаў як расейскі субэтнас.
Пастаўлена задача, каб разам з пераважным дамінаваннем расейскіх тэлевізійных і радыёканалаў, Беларусь канчаткова трапіла ў сферу дэструктыўнага ўздзеяння расейскай агрэсіўнай прапаганды і не здолела ёй процідзейнічаць.
Акрамя гэтага мэтай забароны «Хартыі» з'яўляецца спыненне распаўсюджвання інфармацыі пра расейскую вайсковую агрэсію супраць Украіны, аб удзеле расейскіх вайсковых падраздзяленняў у акупацыі ўкраінскае зямлі, пра гераічны і ўзорны супраціў украінскага народа.
Расея імкнецца чыніць практычна бесперашкоднае інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне на беларускае цывільнае насельніцтва і вайскоўцаў. Робіцца гэта для канчатковага замацавання Беларусі ў арбіце расейскіх стратэгічных інтарэсаў і для патэнцыйнага выкарыстання беларускіх людскіх рэсурсаў у вайсковых мэтах. Беларусь ужо ўцягнутая ў інфармацыйнае супрацьстаянне на баку Расеі з краінамі Захаду і Украінай, што цалкам адпавядае і з'яўляецца часткай вайсковай дактрыны начальніка Генштаба УС РФ В.Герасімава.
У гэтых умовах нашая задача - абараняць сваю інфармацыйную прастору, спрыяць максімальнаму пашырэнню інфармацыі пра спосабы абыходу блакавання, дапамагаць людзям усталёўваць сістэмы абыходу. Праяўляць салідарнасць і здзяйсняць належны супраціў усім спробам адраджэння таталітарнага рэжыму.
Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.
Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:
- Новыя простыя спосабы абысці блакаванне сайта Charter97.org
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»
- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS