Наталля Радзіна сустрэлася з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламенту
- 1.03.2018, 8:00
На сустрэчы абмяркоўваліся дзеянні для разблакавання сайта «Хартыя-97».
Сустрэча галоўнай рэдактаркі сайта Charter97.org Наталлі Радзінай з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага Парламента Паўлам Тэлічкам адбылася 28 лютага ў Брусэлі.
Віцэ-прэзідэнта Еўрапарламенту, які прадстаўляе ў ЕП Чэхію і адказвае за пытанні правоў чалавека і дэмакратыі, цікавіла сітуацыя з блакаваннем сайта «Хартыі-97» у Беларусі, а таксама захады, якія еўрапарламентарыі могуць зрабіць у сувязі з забаронай беларускім рэжымам папулярнага незалежнага сайта.
Павел Тэлічка асабліва звярнуў увагу той факт, што пасля блакавання сайта «Хартыя-97» у Беларусі адбыўся значны рост папулярнасці расейскіх прапагандысцкіх рэсурсаў. Паглядзеўшы графікі, ён адзначыў, што бачыць, што адбываецца не проста замяшчэнне беларускіх рэсурсаў расейскімі, а назіраецца кумулятыўны эфект, калі ўсё больш і больш беларусаў падпадаюць пад уздзеянне расейскай прапаганды.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць увядзення санкцый у дачыненні да асоб, адказных за блакаванне сайта Charter97.org - міністра інфармацыі Беларусі Аляксандра Карлюкевіча, намесніка міністра інфармацыі (цяпер генеральнага дырэктара тэлеканала «Сталічная тэлевізія») Ігара Луцкага і начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Лукашэнкі Андрэя Паўлючэнкі.
Віцэ-прэзідэнта цікавіла, як у Беларусі, дзе блакуюць незалежныя сайты, можа існаваць Парк высокіх тэхналогій. Наталля Радзіна заклікала ўвесці эканамічныя санкцыі супраць ПВТ пакуль у Беларусі не будзе спынены ціск на незалежныя СМІ.
Адзін з кіраўнікоў Еўрапарламенту адзначыў, што разумее стратэгічнае значэнне сайта «Хартыя-97» і ўсведамляе ўсе пагрозы, якія нясе яго блакаванне.
Павел Тэлічка мае намер адправіць запыт Вярхоўнай прадстаўніцы Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Фрэдэрыцы Магерыні і давесці да яе ведама інфармацыю аб наступствах блакавання сайта «Хартыі-97» у Беларусі, аб фактычным захоп беларускай інфармацыйнай прасторы Расеяй.
Віцэ-прэзідэнт ЕП мае намер ініцыяваць шэраг мерапрыемстваў у Еўрапарламенце для прыцягнення ўвагі да праблем са свабодай слова ў Беларусі з удзелам прадстаўнікоў «Хартыі-97».
Нагадаем, раней з заявамі ў падтрымку сайта Charter97.org выступілі яшчэ два віцэ-прэзідэнты Еўрапарламенту - ад Гішпаніі і Фінляндыі - Рамон Луіс Валькарсэль і Хэйдзі Хаўтала.