BE RU EN

У Швэцыі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і блакаванне «Хартыі-97»

  • 15.03.2018, 10:26

Не можа быць ніякага дыялогу з уладамі Беларусі пакуль у краіне блакуюць незалежныя сайты.

Пра гэта гаварылася на канферэнцыі ў Стакгольме, арганізаванай швэдскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen у рамках Дзён Беларусі ў Швэцыі.

На канферэнцыю была запрошаная галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна, у абмеркаванні сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі і блакаваннем незалежных сайтаў удзельнічалі палітычны дарадца міністра замежных спраў Швэцыі Ёханс Дэнільсан (Johannes Danielsson) і дэпутат парламента Швэцыі і былы кіраўнік працоўнай групы АБСЕ аб Беларусі Крысціян Хольм (Christian Holm).

Наталля Радзіна заклікала ўлады Швэцыі да прынцыповага падыходу пры ацэнцы парушэнняў у Беларусі правоў чалавека і свабоды слова, адзначыўшы, што сёння ў Беларусі праз недастатковую міжнародную рэакцыю на блакаванне вядучага незалежнага навінавага сайта пачаліся пераследы блогераў і рыхтуюцца папраўкі ў закон аб СМІ, якія ўзмацняюць кантроль за інтэрнэт-сайтамі і сацыяльнымі сеткамі.

Галоўная рэдактарка Charter97.org таксама заклікала швэдскі бізнэс больш адказна ставіцца да супрацоўніцтва з Беларуссю, нагадаўшы, што буйная швэдская тэлекамунікацыйная кампанія Telia праз кампанію Turkcell разам з партнёрамі з Расеі і Турцыі валодае кантрольным пакетам акцый беларускага мабільнага аператара Life :), які сёння разам з іншымі беларускімі правайдэрамі інтэрнэту блакуе сайт Charter97.org. Наталля Радзіна таксама заклікала швэдскія кампаніі не супрацоўнічаць з лукашэнкаўскім Паркам высокіх тэхналогій пакуль у Беларусі блакуюць незалежныя сайты.

«Блакаванне незалежных сайтаў сёння дасягнула катастрафічных маштабаў. Свабодны iнтэрнэт сёння адсутнічае ў Беларусі, Кітаі, Іране, Азербайджане, Узбекістане, Туркменістане, Таджыкістане. Расея рыхтуецца да адключэння ад сусветнага інтэрнэту, папярэдне заблакаваўшы незалежныя сайты. Фактычна палова Еўразіі неўзабаве застанецца без свабоднага слова, бо традыцыйныя медыі там ужо амаль знішчаныя. Што такое краіны без свабоднага слова? Гэта жорсткія дыктатуры, забойствы, арышты, катаванні іншадумцаў і нарэшце вайна. Таму свабодны заходні свет павінен рэагаваць неадкладна і самым прынцыповым чынам», - сказала Радзіна.

Дэпутат парламента Швэцыі і былы кіраўнік працоўнай групы АБСЕ аб Беларусі Крысціян Хольм заявіў, што ўжо накіраваў запыт з нагоды блакавання сайта Charter97.org у міністэрства замежных спраў Швэцыі і таксама мае намер абмеркаваць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі са сваімі калегамі ў парламенце. Са слоў палітыка, сёння не можа быць ніякага дыялогу з уладамі Беларусі пакуль у краіне ёсць палітычныя зняволеныя і блакуюцца незалежныя сайты. Крысціян Хольм таксама адзначыў, што ён разумее, што пакуль ва ўладзе знаходзіцца Аляксандра Лукашэнкі змен у рэпрэсіўнай палітыцы ўладаў чакаць не даводзіцца.

Дэпутат заявіў, што МЗС Швэцыі і пасольства краіны ў Менску павінны аператыўна рэагаваць на парушэнні ў Беларусі правоў чалавека і свабоды слова.

Прысутныя на канферэнцыі праваабаронцы, прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый і грамадскія дзеячы таксама заклікалі МЗС Швэцыі больш прынцыпова падыходзіць да ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, адзначыўшы, што апошнім часам гэтыя пытанні ў дачыненнях паміж уладамі Беларусі і Швэцыі несправядліва адышлі на другі план.

Палітычны дарадца міністра замежных спраў Швэцыі Ёханс Дэнільсан заявіў, што данясе да міністаркі Маргат Вальстрэм меркаванне ўдзельнікаў канферэнцыі.

«Мы канстатуем, што сёння ў Беларусі маюць месца парушэнні правоў чалавека, свабоды слова, свабоды сходаў і асацыяцый. Я таксама ведаю, што сайт «Хартыі-97» робіць важную працу ў Беларусі», - сказаў дарадца міністра замежных спраў Швэцыі.

Апошнія навіны