Леанід Кулакоў асуджаны на 10 дзён
- 23.03.2018, 16:24
Вырак вынес суд Першамайскага раёна Менска.
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».
Сёння блізу 12 гадзін дня міліцыя ўварвалася ў дом да актывіста, пасля таго, як ён пад пагрозамі быў вымушаны адчыніць ім дзверы.
Капітан міліцыі Васіль Дзегцяроў паведаміў Леаніду Кулакову, што ён павінен праехаць з імі ў РУУС Першамайскага раёна, бо яшчэ 19 сакавіка адбыўся суд паводле адміністрацыйнай справы супраць яго. Цяпер узнікла рэзкая неабходнасць азнаёміць Леаніда Кулакова з пастановай суда.
Блізу 14.00 стала вядома, што Леанід знаходзіцца ў РУУС Першамайскага раёна. Неўзабаве яго павязуць у суд, дзе будуць судзіць паводле ч.3 арт.23:34.
Блізу 16.00 суд Першамайскага раёна пастанавіў пакараць Кулакова 10-дзённым арыштам.
Нагадаем, што 21 сакавіка ўлады арыштавалі лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзіміра Някляева, Максіма Вінярскага і Вячаслава Сіўчыка.
Максіма Вінярскага і Вячаслава Сіўчыка асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту, Уладзіміра Някляева - на 5 дзён.
Сёння раніцай менскі АМАП спрабаваў штурмаваць дом аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля. Палітык быў арыштаваны.