BE RU EN

Крык душы настаўнікаў са Слуцка

  • 4.03.2018, 9:27

Найгорш пакутуюць настаўнікі праз «экспрэс-праверкі».

Прайшло ўжо больш за паўгода пасля пленарнага пасяджэння «рэспубліканскага педсавета» ў жніўні 2017 года, на якім Лукашэнка заявіў аб «памяншэнні настаўніцкай паператворчасці» і наданні настаўнікам магчымасці проста вучыць дзяцей. Ці паменшылася залішняя дакументацыя, знятая з настаўнікаў залішняя нагрузка за гэты час?

Суразмоўцы kurjer.info — настаўнікі са школ Капыльскага і Слуцкага раёнаў. Яны пагадзіліся распавесці аб сваёй цяперашняй працы ў школе з умовай змяніць іх імёны.

Удзень — настаўнік, вечарам — сацыяльны работнік

«Лукашэнка казаў пра тое, што ў школу павінны паступаць дакументы, якія тычацца толькі адукацыі і выхавання, але тут жа дадаў, што настаўнікам трэба і дадому да дзяцей хадзіць, і жніво кантраляваць, — кажа Ганна Мікалаеўна, настаўніца адной са школ Капыльскага раёна. — Фактычна гэтым ён зацвердзіў усё тое непатрэбнае, чым мы вымушаныя займацца дадаткова да вучобы і адукацыі. Асабліва пакутуюць ад гэтага класныя кіраўнікі».

Запаўненне журналаў, дзённікаў, складанне планаў вучэбнай і выхаваўчай работы, зводных ведамасцяў паспяховасці за чвэрць і за год, афармленне асабістых картак навучэнца — гэта звычайная школьная руціна, да якой класныя кіраўнікі ўжо даўно прывыклі. Але акрамя гэтага, на іх думку, яны фактычна павінны выконваць ролю сацыяльнай службы і кантраляваць жыццё вучняў па-за школай, а таксама запаўняць мноства непатрэбных папер.

«Класныя кіраўнікі павінны цягам кожнага тыдня браць удзел у рэйдах — праверках кватэр сацыяльна небяспечных сем'яў, дзе дзеці не маюць адпаведнага нагляду, а таксама правяраць умовы жыцця дзяцей у шматдзетных сем'ях, — расказвае Марыя Фёдараўна, класная кіраўніца і настаўніца адной са слуцкіх школ. — Кожны месяц трэба даваць справаздачу перад радай прафілактыкі праведзенай працы, якую таксама трэба своечасова спланаваць».

З яе слоў, несалодкая доля і ў школьных сацыяльных педагогаў. Ім даводзіцца запаўняць велізарную колькасць папер на кожнага навучэнца і стала жыць у чаканні раптоўных стрэсавых праверак.

Экспрэс-праверкі з валідолам

«Дасталі» настаўнікаў і так званыя «экспрэс-праверкі», якія ажыццяўляюцца без якога-небудзь папярэджання.

«У адной школе нашага раёна быў выпадак, калі пасля такой нечаканай праверкі ў сацыяльнага педагога здарыўся настолькі жудасны стрэс, што яна некалькі дзён не магла аднавіцца пасля яго, — скардзіцца Вольга Віктараўна, педагог сельскай школы Капыльскага раёна. — Нясоладка даводзіцца і настаўнікам-прадметнікам падчас такіх кантрольных рэйдаў. Большасць настаўнікаў на выпадак раптоўных праверак трымаюць у кабінетах заспакаяльныя і сардэчныя лекі — на жаль, нервы ў настаўнікаў далёка не сталёвыя».

Аб сельгасработах і макулатуры

Са слоў сельскага педагога, гэтай восенню школьнікам Капыльшчыны нарэшце забаранілі ўдзельнічаць у сельгаспрацах, але гэта адбылося пасля загубы адной са школьніц пад Маладзечнам.

«Сельскагаспадарчых работ настаўніка заўсёды баяліся, бо ў палявых умовах паводзіны вучняў цяжка кантраляваць, — распавядае настаўнік. — Дзеці то бульбай перакідваюцца, то на хаду спрабуюць пад'ехаць на трактары, то ладзяць бойкі. А судзяць пасля трагедый толькі педагогаў, а не тых, хто замяняе вучобу дзяцей у школах сельгаспрацамі».

У Капыльскім раёне, як і ва ўсёй краіне, на кожную школу і клас даведзены план здачы макулатуры. На аднаго вучня прыпадае 10 кілаграмаў. Сёлета план удасканалілі, акрамя школьнікаў, павінны здаць макулатуру таксама настаўнікі і дзіцячыя садкі.

«Настаўнікам гэта зрабіць прасцей, чым выхаванцам дзіцячых садкоў, бо яны ў абавязковым парадку выпісваюць «Настаўніцкую газету», «Советскую Белоруссию» і раённую газету, — усміхаецца педагог. — Але калі шчыра, такія заданні ў век інтэрнэту вельмі моцна напружваюць».

Аб дзяжурствах, конкурсах

Па суботах настаўнікі дзяжураць на дыскатэках у клубах у складзе настаўніцка-бацькоўскага патруля — сочаць за паводзінамі школьнікаў у грамадскіх месцах.

«Бацькі нашай вёскі ўдзельнічаюць у такім патрулі рэдка, асноўная нагрузка перакладаецца на настаўнікаў. У такіх патрулях задзейнічаныя не толькі класныя кіраўнікі, але і настаўнікі-прадметнікі. Пры гэтым дадатковая аплата за такія рэйды і дзяжурства ў клубах не прадугледжваецца», — расказвае Марыя Фёдараўна.

З яе слоў, ад настаўнікаў патрабуюць браць удзел у шматлікіх конкурсах, якія спускаюцца зверху.

«Пажарныя, калядныя, экалагічныя, конкурсы малюнкаў — усё гэта валіцца на галаву настаўніка бясконца, — прадаўжае свой аповед настаўніца. — На вучобу не застаецца часу: то нейкі выраб рабі, то верш пішы, то сачыненне або эсэ. Мне здаецца, што з кожным годам становіцца ўсё цяжэй працаваць».

Асобна трэба казаць пра добраахвотна-прымусовы ўдзел у алімпіядах.

«Гора таму настаўніку і школе, чые вучні занялі апошнія месцы ў алімпіядах. Будуць схіляць дырэктара і школу на ўсіх узроўнях, а дырэктар у сваю чаргу адыграецца на настаўніках.

Шкада маладых

Нягледзячы на розныя дадатковыя нагрузкі і нервовыя клопаты, грошай у педагогаў ад гэтага не дадаецца.

Сярэдні заробак сельскага педагога складае 500-600 рублёў.

«У настаўнікаў з класным кіраўніцтвам проста няма жыцця, і яны зайздросцяць настаўнікам-прадметнікам, — дзеліцца ўражаннямі яшчэ адзін сельскі педагог з 33-гадовым стажам. — Сёлета я нарэшце пазбавілася ад класнага кіраўніцтва ў сувязі з выхадам на пенсію. Прадаўжаю працаваць у школе з невялікай педагагічнай нагрузкай у вучэбным прадмеце. Як быццам толькі што на свет нарадзілася.

У школу я прыйшла праз любоў да педагогікі, але надмерныя неаплатныя нагрузкі разладзілі нервовую сістэму і паменшылі любоў да прафесіі. Я шкадую маладых настаўнікаў, якія топяцца ў балоце непатрэбнай паператворчасці і знаходзяцца пад прыгнётам празмернага кантролю, які прыніжае і растоптвае асобу настаўніка».

Апошнія навіны