BE RU EN

Рамуальд Шарамецьеў: Лукашэнка сам не ўсведамляе, якую небяспеку тоіць ягоная палітыка

  • 6.03.2018, 8:42

Свабодныя СМІ патрэбныя для незалежнасці краіны.

Пра гэта заявіў экс-міністр абароны Польшчы, дэпутат Сэйма трэцяга склікання, прафесар Акадэміі нацыянальнай абароны Рамуальд Шарамецьеў, каментуючы блакаванне ў Беларусі сайта Charter97.org:

- Тое, што ўлада блакуе незалежны інтэрнэт-рэсурс, які перадае грамадзянам аб'ектыўную інфармацыю, сведчыць пра адное: пра слабасць гэтай улады.

Таму што ўлада ў гэтым выпадку паказвае, што не валодае аргументамі, якія магла б супрацьпаставіць той інфармацыі, якая ёй не падабаецца. Відавочна, што гэта - прыкмета слабасці.

- Як бы вы ахарактарызавалі геапалітычную сітуацыю, якая стварылася пасля блакавання ў Беларусі найбуйнейшага інфармацыйнага рэсурсу, які стаяў на антыімперскай, антыпуцінскай пазіцыі?

- Існуе пагроза пераўтварэння Беларусі ў губернскі горад Расейскай Федэрацыі. Прынамсі так уяўляе будучыню Беларусі кіраўніцтва Расеі. На гэтую пазіцыю накладваюцца і паводзіны самога Лукашэнкі. З аднаго боку, ён баіцца больш шчыльных кантактаў з Захадам і звязанай з імі неабходнасці рэформы палітычнай сістэмы. Проста баіцца ў гэтым выпадку страціць уладу.

З іншага боку, Лукашэнка не хацеў бы стаць губернатарам расейскай правінцыі. Але ён не адрозніваецца паслядоўнасцю дзеянняў у гэтым кірунку. Таму на ўсялякі выпадак блакуе незалежны інфармацыйны рэсурс, які паказвае, што паміж Беларуссю і Расеяй існуе занадта глыбокі і небяспечны вайскова-палітычны хаўрус.

Без незалежнай інфармацыі Беларусь можа стаць яшчэ больш русіфікаванай, а беларускі народ атрымае дадатковыя праблемы для развіцця сваёй нацыянальнай самасвядомасці. Мабыць, Лукашэнка сам да канца не ведае, якую небяспеку тоіць у сабе ягоная палітыка ў дачыненні да незалежнай, патрыятычнай інфармацыі.

Крэмль цяпер з'яўляецца дастатковай сур'ёзнай праблемай, і не толькі для найбліжэйшых суседзяў. Пуцін усё выразней дае зразумець, што не збіраецца ісці тым шляхам, якім ідуць заходнія дзяржавы. Крэмль мяркуе, што пазіцыя Расеі ў свеце цяпер занадта аслабленая і хацеў бы вярнуць ёй статус «звышдзяржавы», як было ў часы СССР.

Уся замежная палітыка Крамля ў рэгіёне выклікае моцны неспакой, і асабліва - павелічэнне ўзброеных сілаў. А апошнія пагрозлівыя заявы Пуціна пра тое, што Расея валодае небывалымі наступальнымі сродкамі для нападу на іншыя краіны - гэта нешта неймавернае.

Мілітарысцкія планы Крамля не ўдалося рэалізаваць ва Украіне. Расейскім стратэгам здавалася, што ўкраінская дзяржава рассыплецца, але яна дае даволі паспяховы адпор падтрымоўваным Крамлём сепаратыстам на Данбасе. Сітуацыя там для Расеі склалася, як у польскай прымаўцы: «Злавіў казак татарына, а той яго трымае за лоб» (Złapał kozak Tatarzyna, a Tatarzyn za łeb trzyma). Калі скласці ўсё разам - імперскія планы Расеі і яе няўдачу ва Украіне - сітуацыя ў нашым рэгіёне выглядае даволі трывожнай.

- Што б вы хацелі сказаць калектыву і чытачам «Хартыі-97» і ўсім, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі?

- Хачу нагадаць, што я належу да ліку тых людзей, якія калісьці дзейнічалі ў Польшчы гэтак жа, як вы цяпер у Беларусі.

Мы таксама калісьці пачыналі ў Польшчы нашую барацьбу, не маючы доступу ні да тэлевізіі, ні да афіцыйнай прэсы. Усё, што нам атрымоўвалася падпольна надрукаваць, даволі хутка ліквідоўвалася ўладамі. І многім людзям тады здавалася: у нас няма ніякіх шанцаў. Але паглядзіце, што адбылося ў Польшчы, як яна выглядае цяпер!

Я быў не толькі вязнем у камуністычнай турме, але і міністрам абароны, дэпутатам Сэйма, з'яўляюся цяпер навуковым супрацоўнікам. А калісьці некаторым здавалася, што нашая дзейнасць не прывядзе ні да якіх поспехаў.

Думаю, што ў Беларусі цяпер - дакладна такая ж сітуацыя. Вашыя справы, вашыя распачынанні вельмі патрэбныя вашай краіне і асуджаныя на поспех, калі вы верыце ў тое, што даносіце да людзей, што гэта - слова праўды. Слова праўды, якое павінна ўзмацніць Беларусь. Калі вы хочаце таго, каб ваша краіна была незалежнай, дэмакратычнай і далучылася да сям'і вольных народаў Еўропы, такіх як Польшча, Чэхія, Славакія ды іншых - то я жадаю вам гэтага. І адначасова магу запэўніць: тое, што вы робіце - вельмі патрэбную справу, якая прынясе свой плён. Можаце быць спакойныя.

Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.

Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:

- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»

- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»

- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS

- Памяняйце DNS на сваім кампутары і чытайце Хартыю

- Чытайце «Хартыю-97» у сацыяльных сетках

Апошнія навіны