Чорны дзень беларускага інтэрнэту
- 19.04.2018, 8:54
Сёння ў Беларусі збіраюцца прыняць папраўкі ў закон аб СМІ.
19 красавіка ў так званай «палаце прадстаўнікоў» адбудзецца першае чытанне аб новых папраўках у закон аб сродках масавай інфармацыі. У тым, што ён будзе зацверджаны без якіх-небудзь заўваг мала хто сумняваецца.
Папраўкі канчаткова знішчаць свабоду слова ў Беларусі. Уводзіцца рэгістрацыя навінных інтэрнэт-рэсурсаў. Уладальнікі і рэпарцёры не зарэгістраваных інтэрнэт-рэсурсаў не прызнаюцца журналістамі, не маюць права на атрыманне і абарону крыніцы інфармацыі, а пры з'яўленні на масавых акцыях прыраўноўваюцца да дэманстрантаў.
Уводзіцца «абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія размяшчаюць матэрыялы ці каментары на форумах, у інтэрнэт-рэсурсах». Гэта значыць рэдактараў, якія працуюць у Беларусі ў інтэрнэт-СМІ, будуць прымушаць здаваць спецслужбам звесткі сваіх журналістаў, чытачоў і каментатараў артыкулаў. Дапускаецца магчымасць блакавання сацыяльных сетак і абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў у пазасудовым парадку.
Экспэрты назвалі гэтыя папраўкі «ўдарам па незалежнай журналістыцы» і «новым уціскам». Акрамя гэтага са знішчэннем незалежных інтэрнэт-рэсурсаў Беларусь канчаткова трапляе пад інфармацыйны ўплыў Расеі.
Нагадаем, 24 студзеня ў Беларусі быў заблакаваны найбуйнейшы незалежны навінавы сайт «Хартыя-97».