Чэшскія і славацкія дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Еўракамісію падтрымаць «Хартыю-97»
- 30.04.2018, 12:19
Дэпутаты мяркуюць, што іх маральны абавязак – дамагацца аднаўлення працы Charter97.org у Беларусі.
12 дэпутатаў Еўрапарламента з Чэхіі і Славакіі, якія належаць да групы Еўрапейская Народная Партыя (ЕНП), звярнуліся з афіцыйным лістом да вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага Звязу ў пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні і да еўракамісара ў пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Ёханэса Хана.
Ініцыятарам ліста ў падтрымку сайта «Хартыя-97» выступіў чэшскі палітык, адзін з удзельнікаў чэхаславацкай «Хартыі-77» Ярамір Штэціна. Прыводзім тэкст дакумента цалкам:
– Мы, прадстаўнікі чэшскай і славацкай дэлегацый у групе ЕНП у Еўрапейскім парламенце, хацелі б звярнуць вашу ўвагу на Беларусь і на яшчэ адзін выпадак пераследу незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
З 24 студзеня 2018 года ў Беларусі заблакаваны доступ да апазіцыйнага сайту «Хартыя-97».
Chartеr97.org – гэта асноўны незалежны інтэрнэт-партал у Беларусі. Гэты папулярны незалежны інтэрнэт-сайт быў заблакаваны распараджэннем Міністэрства інфармацыі без папярэджання і без абгрунтавання. Да блакавання ў Charter97.org было да 250 000 унікальных наведвальнікаў за дзень, да 2,5 мільёнаў – за месяц і да 50 мільёнаў праглядаў старонак за месяц. За час існавання сайта журналісты прайшлі праз арышты, збіццё, запалохванні, пагрозы жыццю, турэмнае зняволенне і катаванні.
У 2016 годзе ЕЗ адмяніў санкцыі супраць Беларусі. ЕЗ дае Беларусі фінансавую дапамогу ў многіх галінах, уключаючы бізнэс і эканамічнае развіццё. Таму, на нашу думку, падыход ЕЗ у адносінах да Беларусі і да фінансавай дапамогі павінен стаць больш залежным ад прагрэсу ў сферы правоў чалавека і плюралізму сродкаў масавай інфармацыі.
Сёлета Charter97.org адзначае сваё дваццацігоддзе. За дваццаць гадоў да заснавання сайта, у часы глыбокага камунізму, у былой Чэхаславакіі «Хартыя-77» з'яўлялася платформай супраціву і крыніцай праўды для нашых народаў. Мы адчуваем маральны абавязак дамагацца аднаўлення працы Charter97.org на тэрыторыі Беларусі.