Дэпутаты Еўрапарламента патрабуюць растлумачыць палітыку ЕЗ у дачыненні да Беларусі
- 19.07.2018, 11:58
Адсутнасць рэакцыі з боку ЕЗ на парушэнні свабоды слова ў Беларусі выклікае пытанні.
Кіраўніца Камітэта бяспекі і абароны Еўрапейскага парламента Ганна Фатыга і еўрадэпутат Косма Златоўскі (дэпутаты прадстаўляюць Польшчу) адправілі афіцыйны запыт Вярхоўнаму камісару ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі, віцэ-прэзідэнту Еўракамісіі Федэрыцы Магерыні.
Charter97.org прыводзіць тэкст дакумента цалкам:
- У нядаўні час у Беларусі быў распрацаваны праект паправак у закон аб СМІ, які дае юрыдычную аснову для беспрэцэдэнтных абмежаванняў свабоды слова і свабоды СМІ. Прасоўваючыся ў гэтым жа кірунку, урад Лукашэнкі раней заблакаваў сайт Charter97.org.
Варта адзначыць, што з моманту апублікавання новых абмежаванняў на свабоду СМІ і свабоду Інтэрнэту афіцыйныя прадстаўнікі Еўракамісіі, уключна з камісарам ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі і камісарам Ёханэсам Ханам, не анансавалі ні афіцыйнай заявы, ні змяненняў у палітыцы ў сувязі з гэтымі цяжкімі фактамі.
Больш за тое, яны прадаўжаюць рэгулярна сустракацца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. 1 чэрвеня камісар Хан сустрэўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Акрамя таго, 21 чэрвеня ён наведаў Беларусь супольна з камісарам Габрыэль.
Гэта адсутнасць рэакцыі з боку ЕЗ і Еўрапейскай службы замежных спраў у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі можа быць успрынятая як заахвочванне больш маштабных і больш шырокіх нападаў на незалежныя СМІ і на інтэрнэт-свабоду. Акрамя таго, прапаганда рэжыму Лукашэнкі хутчэй за ўсё патлумачыць гэтую сітуацыю як маўклівую згоду Захаду на гэтыя згубныя абмежаванні.
1. Чаму Еўракамісія выбірае ўмераны падыход для развязання надзвычай важных праблем з дэмакратыяй у Беларусі?
2. Як Еўракамісія плануе сумяшчаць палітыку ўзаемадзеяння з Беларуссю ў такіх аспектах, як лічбавы рынак, з тым фактам, што цяпер краіна дыстанцуецца ад асноватворных прынцыпаў дэмакратыі?