Фотафакт: Плакат «Свабоду Хартыі-97» на акцыі ў Менску
- 3.07.2018, 16:09
Актывісты запатрабавалі разблакаваць незалежны сайт у Беларусі.
Акцыя вызвалення і салідарнасці, ініцыяваная Мікалаем Статкевічам сёння а 13.00 каля станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» у Менску, скончылася брутальнымі затрыманнямі.
Удзельнікі акцыі збіраліся ўскласці кветкі да помніка савецкім жаўнерам на вуліцы Талбухіна, а пасля - да мемарыяльнага крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, які знаходзіцца ў самым парку Чэлюскінцаў.
Удзельнікі акцыі нагадалі пра свабоду слова ў Беларусі. Адзін з мітынгоўцаў выйшаў з плакатам «Казаць без страху! Далоў цэнзуру ў СМІ! Свабоду Хартыі-97!».
Нагадаем, што 19 красавіка так званая «палата прадстаўнікоў» прыняла скандальныя папраўкі да закона аб СМІ, якія канчаткова знішчаюць свабоду слова ў Беларусі. Папраўкі ўводзяць абавязковую рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў навін. Уладальнікі і рэпарцёры не зарэгістраваных інтэрнэт-рэсурсаў не прызнаюцца журналістамі, не маюць права на атрыманне і абарону крыніцы інфармацыі, а пры з'яўленні на масавых акцыях прыраўноўваюцца да дэманстрантаў.
Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія размяшчаюць матэрыялы ці каментары на форумах, у інтэрнэт-рэсурсах». Гэта значыць, рэдактараў інтэрнет-СМІ, якія працуюць у Беларусі, будуць прымушаць здаваць спецслужбам звесткі сваіх журналістаў і чытачоў, якія каментуюць артыкулы. Дапускаецца магчымасць блакавання сацыяльных сетак і абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў у пазасудовым парадку.
Экспэрты назвалі гэтыя папраўкі «ўдарам па незалежнай журналістыцы» і «новым закручваннем гаек».
Напярэдадні прыняцця паправак у закон аб СМІ ў Беларусі быў заблакаваны найбуйнейшы незалежны сайт Charter97.org.