BE RU EN

Праца сайта «Хартыя-97» пад пагрозай

  • НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
  • 3.09.2018, 9:49

Сітуацыя крытычная. Нам патрэбная ваша дапамога.

Дарагія сябры!

Сайту Charter97.org 11 верасня спаўняецца 20 гадоў. Гэта цэлы этап у гісторыі краіны. Многае было зробленае, многае яшчэ патрабуецца зрабіць. На жаль, цяпер не час для юбілейных урачыстасцяў.

Усе гэтыя гады мы стараліся не абцяжарваць вас сваімі праблемамі. Выкараскваліся неяк самі з такіх ямін, што часам успамінаць страшна.

За 20 гадоў працы мы прайшлі праз многае: крымінальныя справы, ператрусы, арышты журналістаў, катаванні ў турме КДБ, вымушаную эміграцыю. У 2010 годзе быў забіты заснавальнік сайта Алег Бябенін. З 24 студзеня 2018 года ўлады спрабуюць блакаваць нас у Беларусі, тое ж самае адбываецца і ў рэгіёнах Расеі. Апошнім часам ідуць пагрозы журналістам сайта.

Як мы гэта вытрымліваем? Я доўга думала над гэтым пытаннем і, здаецца, знайшла адказ. Нас заўсёды ратавалі вы, нашы чытачы, сваёй салідарнасцю і падтрымкай. Мы разумеем, што працуем для вас, мільёнаў нашых чытачоў. Нават калі зусім бракавала сіл, яны ўсё адно аднаўляліся і праца прадаўжалася.

Сёння мы стаім перад новым выклікам. Блакаванне Charter97.org у Беларусі дзіўным чынам супала з тым, што нам сталі адмаўляць у дапамозе міжнародныя фонды, якія займаюцца падтрымкай СМІ ў Беларусі. Такім жа дзіўным чынам у гэты час значна ўзрасла фінансавая дапамога Еўразвяза дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі. Толькі апошнім часам у рамках тэхнічнай дапамогі ЕЗ дыктатура атрымала больш за сотні мільёнаў еўраў.

Незалежныя ж СМІ Беларусі выявіліся для дэмакратычнага Захаду не такімі важнымі, як, напрыклад, сабакі беларускіх мытнікаў. Не так даўно прайшла навіна, што Еўразвяз выдасць беларускай мытні грантавую дапамогу сумай 130 тысяч еўраў на ўзмацненне кіналагічнай службы.

Гэта толькі маленькі красамоўны прыклад таго, што даўно ператварылася ў тэндэнцыю. Фонды, якія заяўляюць, што займаюцца падтрымкай дэмакратыі, напраўду самым актыўным чынам спрыяюць дыктатуры. Сайт «Хартыя-97», напрыклад, за ўсе 20 гадоў сваёй працы, ні разу (!) не атрымаў дапамогі ад Еўракамісіі. Такая ж сітуацыя з большасцю незалежных СМІ ў Беларусі, хоць, як вядома, GONGO, якія супрацоўнічаюць з уладай (урадавыя няўрадавыя арганізацыі), атрымліваюць яе рэгулярна.

Парадокс у тым, што значнае скарачэнне дапамогі незалежным медыям адбываецца на фоне гучных публічных заяў аб неабходнасці процідзеяння пуцінскай прапагандзе як неад'емнай частцы гібрыднай вайны. А хто, як не незалежныя медыі, сёння даносіць словы праўды да беларусаў у варунках дамінавання хлуслівай расейскай тэлевізіі і не менш амаральнай лукашэнкаўскай прапаганды? Але не, у бюракратычных кабінетах гэтага не хочуць заўважаць, і незалежныя журналісты на постсавецкай прасторы часта застаюцца адны ў рэальным супрацьстаянні са злом.

Ва Украіне перад акупацыяй Крыма і ўварваннем ва ўсходнія вобласці таксама адбывалася зачыстка інфармацыйнага поля, якую праводзіла кліка Януковіча на замову Крамля.

Мы ведаем, што беларускія ўлады даўно патрабуюць ад заходніх краін спыніць падтрымку незалежных СМІ ў Беларусі. Магчыма, з гэтым звязанае значнае скарачэнне дапамогі.

Апошнімі гадамі сайту Charter97.org рэальна дапамагалі Польшча і Літва. І мы бясконца ўдзячныя ім за гэтую падтрымку і магчымасць працаваць. Але, на жаль, гэтая дапамога не можа цалкам кампенсаваць нашы выдаткі. Праз блакаванне сайта ў Беларусі ды Расеі мы таксама ў значнай ступені пазбавіліся магчымасці фінансавання.

Бюджэт сайта і без таго вельмі абмежаваны. Заробкі ў журналістаў невялікія, нам ледзь выстарчае сродкаў на арэнду жылля ў Варшаве і элементарныя патрэбы. І наогул, сайт «Хартыя-97» - гэта не месца для заробку. Гэта хутчэй, місія і спроба штосьці зрабіць, штосьці змяніць у сваёй краіне.

Калі ў студзені пачалося блакаванне сайта Charter97.org, мы папярэджвалі, што атака прадоўжыцца і пераслед зазнаюць усе астатнія незалежныя СМІ ў Беларусі. На жаль, многія не паверылі, палічыўшы, што, магчыма, іх не закране. Не пранесла. Праз адсутнасць журналісцкай салідарнасці ўнутры краіны ўлады перайшлі да поўнай зачысткі інфармацыйнага поля: былі прынятыя драконаўскія папраўкі ў закон аб СМІ, сталі масава пераследаваць фрылансераў, у рэдакцыях і кватэрах нават «памяркоўных» журналістаў прайшлі пагромы і ператрусы, распачатыя новыя крымінальныя справы супраць рэдактараў і блогераў, астатнія незалежныя газеты сталі закідваць судовымі пазовамі.

З «Хартыяй-97» не могуць расправіцца, як з журналістамі ўнутры краіны, таму дыктатура выкарыстоўвае ўсе свае магчымасці і агентаў уплыву, каб задушыць фінансава беларускія СМІ, якія працуюць з-за мяжы.

Сёння праз значнае скарачэнне фінансавання праца сайта Сharter97.org знаходзіцца пад пагрозай. І гэта пры тым, што «Хартыя-97» з'яўляецца лідарам сярод беларускіх незалежных медыяў і мае вялікую аўдыторыю ў Беларусі, рэгіёне і свеце. Калі сёння не выратаваць наш з вамі сайт, то я ўпэўненая, што заўтра спыніцца цалкам нават тая невялікая падтрымка незалежных медыяў у Беларусі, якая пакуль яшчэ мае месца. А тое, што такія планы ёсць, я ўпэўненая. Нядаўна мяне ўразіла, што ў фармуляры заяўкі аднаго заходняга фонду з'явілася пытанне: «Як да вашага праекту паставяцца цэнтральныя і мясцовыя ўлады?». Гэта значыць, фонды, якія падтрымліваюць дэмакратыю, пытаюцца ў дыктатарскіх уладаў дазволу на дапамогу незалежным СМІ.

У сувязі са складанай фінансавай сітуацыяй мы вымушаныя звярнуцца па дапамогу да вас, дарагія чытачы.

Вядома, мы будзем прадаўжаць грукацца ва ўсе дзверы, прасіць дапамогі, тлумачыць, наколькі важная для Беларусі свабодная інфармацыя. Але ў першую чаргу незалежныя медыі патрэбныя самім беларусам.

Я разумею, што сітуацыя складаная сёння ва ўсіх. Але змяніць яе мы можам самі, калі будзем разам. Цягам 20 гадоў за свой прыярытэт сайт уважаў асвятленне праблем беларускіх грамадзян - палітычных зняволеных, рэпрэсаваных, несправядліва звольненых, пакрыўджаных і зняважаных уладамі людзей.

Калі беларусы не будуць падтрымліваць свае медыі, то будуць чытаць чужыя.

Мы будзем удзячныя за ўсякую фінансавую і тэхнічную дапамогу.

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org

Апошнія навіны