Euronews: «Беларусы ненавідзяць Лукашэнку»
- 18.11.2019, 15:28
Апазіцыя не прызнае вынікі «выбараў».
Беларуская апазіцыя не прызнае вынікі «выбараў» у Беларусі, паведамляе euronews.com.
Паводле інфармацыі ЦВК, усе 110 «дэпутацкіх мандатаў» размеркавалі паміж сабой праўрадавыя партыі і рухі.
Апазіцыйныя сілы не прызнаюць вынікі так званых выбараў.
Са слоў каардынатара руху «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, улады бачаць незадаволенасць у грамадстве і баяцца прапусціць апазіцыю ў так званы парламент:
- Натуральна, вынікі «выбараў» мы не прызнаем. Натуральна, было першапачаткова зразумела, што апазіцыю ў так званы парламент не прапусцяць з адной простай прычыны: Лукашэнку ненавідзяць большасць беларусаў, і большасць беларусаў выступаюць супраць яго. Мы два месяцы праводзілі пікеты, праводзілі акцыі ў розных гарадах краіны. Мы бачым настроі людзей, мы бачым, што яны крытыкуюць улады, мы бачым, што абсалютная большасць людзей не ўспрымаюць дыктатара, не ўважаюць яго за легітымнага і жадаюць ягонай замены, ягонай адстаўкі.
Гэта напэўна галоўная прычына, чаму Лукашэнка баіцца прапусціць у цалкам падкантрольны яму «парламент» нават аднаго-двух прадстаўнікоў апазіцыі. Яны [улады - заўв.] ведаюць настроі людзей, яны бачаць нашу актыўнасць, актыўнасць наогул апазіцыі. І сведчыць гэта толькі аб адным - Лукашэнка проста панічна баіцца пераменаў, панічна баіцца, што яго ўсё ж прагоняць найбліжэйшым часам. Налета ў Беларусі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Гэта наогул апошнія «выбары», якія Лукашэнка рыхтуе.
Нагадаем, у АБСЕ таксама не прызналі «выбары» ў Беларусі сумленнымі.