Справу аб забароне шэсця ў падтрымку «Хартыі-97» разглядаюць у ААН
- 4.12.2019, 12:59
Камітэт правоў чалавека ААН уступіў у афіцыйную перапіску з беларускай дзяржавай.
3 снежня Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў справу №3675/20129 і ўступіў у афіцыйную перапіску з беларускай дзяржавай наконт скаргі гомельскіх актывістаў прафзвязу РЭП Віктара Казлова і Леаніда Судаленкі, звязаную з забаронай у Гомелі вулічнага шэсця-пратэсту супраць блакавання інтэрнэт-выданні «Хартыя- 97», паведамляе «Гомельская вясна».
Аб рэгістрацыі ў КПЧ ААН 316-й скаргі з Беларусі Управа Вярхоўнага камісара ў правах чалавека праінфармавала заяўніка Леаніда Судаленку.
Праваабаронца ўзгадвае, мірную акцыю пратэсту яны планавалі правесці 17 лютага 2018 года для прыцягнення ўвагі грамадскасці і выказвання пратэсту супраць блакавання міністэрствам інфармацыі інтэрнэт-выдання «Хартыя-97», а таксама з мэтай абмеркавання праблем са свабодай выказвання меркавання ў Беларусі.
«Гомельскі гарвыканкам забараніў наша шэсце ў цэнтры горада, спасылаючыся на адсутнасць дамоў аб медыцынскім абслугоўванні падчас правядзення мерапрыемства і аб забеспячэнні прыборкі тэрыторыі пасля яго правядзення. Таксама чыноўнікі ўспомнілі, што я прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці акурат за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве падчас «дармаедскіх» акцый пратэстаў 2017 года, што паводле беларускіх законаў не дае мне права заяўляць новыя сходы», - пракаментаваў забарону Леанід Судаленка.
Праваабаронца таксама адзначыў, што Камітэт правоў чалавека ААН ужо больш за дзясятак разоў разглядаў аналагічныя справы паводле адмоў у мірных сходаў у Гомелі, канстатуючы грубае парушэнне правоў, тым не менш, заганная практыка чыноўнікаў не мяняецца.
«Сёння афіцыйны Менск адмаўляецца выконваць міжнародныя абавязанні, звязаныя з правамі чалавека. А тым часам, колькасць скаргаў з Беларусі з кожным годам павялічваецца, сёння іх ужо больш за трыста! Хіба гэта не экстрэмізм, калі чыноўнікі ў адкрытую ігнаруюць міжнародныя абавязанні краіны? Давайце ўявім сітуацыю, калі заўтра чыноўнікі пачнуць ігнараваць міжнародныя абавязанні краіны з пазыкамі і крэдытамі», - дадаў Леанід Судаленка.
Нагадаем, пасля рэгістрацыі скаргі ў КПЧ ААН яна перадаецца ўраду краіны для афіцыйнага каментара. На гэтую працэдуру адводзіцца шэсць месяцаў або 180 дзён. Потым заяўніку ў такі ж тэрмін даецца магчымасць адрэагаваць на пазіцыю краіны, пасля чаго скарга лічыцца гатовай да разгляду. Тэрмін разгляду скаргаў складае ад 3-х да 6-ці гадоў.
Нагадаем, што 24 студзеня 2018 году рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.