BE RU EN

У Вілейцы хіты The Beatles прагучалі па-беларуску

  • 17.02.2019, 16:30

Хіты на беларускую мову пераклаў паэт і музыка Мікіта Найдзёнаў.

У Вілейцы 16 лютага прайшоў чарговы «Спеўны сход». Яго тэмай стала творчасць The Beatles у перакладзе на беларускую мову, піша mlyn.by.

Ансамбль гітарыстаў «Адэліта» мясцовай школы мастацтваў выканаў папуры на хіты «Бітлз». Затым выступіў паэт і музыка Мікіта Найдзёнаў, які пераклаў хіты вядомага гурта на беларускую мову.

Арганізатарка «Спеўнага сходу» Эла Кулеш не чакала такой цікавасці да мерапрыемства. На «Сход» прыйшло больш дарослых жыхароў Вілейкі, чым моладзі.

- Для мяне - гэта мая маладосць, - падзяліўся жыхар Вілейкі Уладзімір. - Яшчэ з 1960-х я адчуваў патрэбу зразумець, пра што іх песні. І таму, убачыўшы афішу мерапрыемства, не мог не прыйсці сюды. І гэта выдатна - бо менавіта сёння я зразумеў, як люблю «Бітлз».

Музыка і паэт Мікіту Найдзёнаў спецыяльна прыехаў на «Спеўны сход» у Вілейку.

- Бітлз - гэта мая самая вялікая любоў. Я пераклаў на беларускую мову 16 іх песень. Калі перакладаеш свой любімы гурт, то пачынаеш разумець яго па-іншаму, адкрываючы для сябе зусім іншую сутнасць яго творчасці, - адзначыў Мікіта Найдзёнаў. - Калі вы ведаеце матывы - спяваем разам.

«Спеўны сход» - гэта сустрэчы, дзе людзі збіраюцца разам, каб выканаць розныя беларускія песні. У Вілейцы гэты праект арганізуе і праводзіць Эла Кулеш. Кожная сустрэча тэматычная, дзе аб'яднаўшыся, жыхары Вілейкі спяваюць песні, якія з'яўляюцца спадчынай беларускай музычнай культуры і не толькі.

Апошнія навіны