Наталля Гарачка: Студэнтку, якая замахнулася на гарадавога, затрымлівалі дзесяць міліцыянтаў
- 28.03.2019, 20:32
Студэнтку БДУ затрымлівалі на вачах у бацькі і брата.
У суботу 23 сакавіка 18-гадовая студэнтка БДУ Аляксандра Самасюк шпацыравала вуліцай Гарадскі вал разам з бацькам і братам. Калі яны праходзілі побач з помнікам, дзяўчына замахнулася на яго нагой. У выніку дзяўчына два дні правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Разам з ёй у камеры сядзела грамадская актывістка Наталля Гарачка, якая і распавяла «Белсату» падрабязнасці гісторыі.
Са слоў актывісткі, пасля спробы Аляксандры даць выспятка скульптуры гарадавога выбеглі 10 міліцыянтаў. Дзяўчыну затрымалі, яна два дні правяла на Акрэсціна. Сваякоў Аляксандры не чапалі.
У панядзелак дзяўчыну прывезлі ў суд Маскоўскага раёна, аднак суддзя загадаў дапрацаваць справу. Аляксандру вызвалілі ў зале суда.
Цяпер яна ў шоку ад таго, што адбылося, і адмаўляецца даваць каментары.
«Яна не хоча размаўляць з журналістамі, бо ў яе сям'і яшчэ трое непаўналетніх дзяцей. Акрамя таго, яна вучыцца ва ўніверсітэце і моцна перажывае, чым скончыцца гэтая гісторыя», - кажа Наталля Гарачка.
Са слоў Наталлі Гарачкі, яны размаўлялі аб матывах учынку Сашы.
«Аляксандра мяркуе, што скульптура гарадавога не мае гістарычнага і культурнага значэння, і не мусіць там стаяць. Яна не разумее, чаму столькі грошай выдаткоўваюць на ахову скульптуры, - кажа Наталля Гарачка. - Гэта не беларускі помнік: гарадавы - не беларуская з'ява».
У прэс-службе сталічнай міліцыі «Нашай ніве» распавялі, што справу Аляксандры Самасюк разгледзяць на наступным тыдні.
Скульптуру гарадавога - праваахоўніка часоў Расейскай імперыі - паставілі ў Менску пазалетась да 100-годдзя беларускай міліцыі. З тых часоў яна рэгулярна трапляе ў навіны: актывісты праводзяць каля гарадавога акцыі, а міліцыя помсціць ім за гэта.