Журналістаў незалежных СМІ не акрэдытавалі на пасланне Лукашэнкі
- 18.04.2019, 15:10
На выступ дыктатара сагналі рэгіянальныя СМІ.
Журналістаў tut.by, БелаПАН і «Еўрапейскага радыё для Беларусі» не акрэдытавалі на асвятленне штогадовага паслання Аляксандра Лукашэнкі да «народа і нацыянальнага сходу», якое адбудзецца ў пятніцу, 19 красавіка, піша baj.by.
Напрыклад, у магчымасці асвятляць мерапрыемства з прэс-цэнтра «палаты прадстаўнікоў» адмовілі аглядальніку інфармагенцтва БелаПАН Таццяне Каравянковай і спецыяльнаму карэспандэнту «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Змітру Лукашуку.
Аднак, абодва журналісты маюць сталую акрэдытацыю для працы ў «парламенце». Адмову ў акрэдытацыі таксама атрымалі журналісты партала tut.by.
- У нас для вас не вельмі добрыя навіны. Разумееце, столькі рэгіянальнай прэсы нагналі, што для вас ужо месца ў прэс-цэнтры не будзе, - цытуе адказ прэс-службы «палаты прадстаўнікоў» журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова.
Выступаць Лукашэнка будзе 19 красавіка ў Авальнай зале.