Улады хочуць, каб беларусы плацілі за пілігрымкі і спаборніцтвы ў рыбалцы
- 27.04.2019, 16:59
Каталікі не збіраюцца плаціць за дазвол на паломніцтва.
У верасні каталікі Гарадзеншчыны не зладзяць пілігрымку ў святыню Маткі Боскай Яснагорскай, куды са спевам і малітвамі пешшу ходзяць амаль 10 гадоў. Афіцыйны зварот да вернікаў напісаў пробашч касцёла ў Капцёўцы Міхал Ластоўскі, інфармацыя распаўсюджваецца па каталіцкіх парафіях Гародні, паведамляе «Белсат».
«У канцы верасня штогод мы праводзілі пешыя пілігрымкі ў Капцёўку ў санктуарый Маткі Боскай Яснагорскай. Але сёлета пілігрымак не будзе праз пастанову Урада № 49 ад 24.01.2019 «Аб парадку аплаты паслуг пры правядзенні масавых акцый», праз якую кожная такая пілігрымка каштавацьме блізу дзвюх з паловай тысяч даляраў - толькі за дазвол на яе правядзенне (не ўлічваючы ўсіх іншых дадатковых выдаткаў). Гэта пастанова датычыцца ўсіх недзяржаўных арганізацый», - паведамляецца ў звароце.
Акрамя таго, у звароце ёсць папярэджанне: калі людзі самастойна збяруцца прыехаць памаліцца ў Капцёўку, нават невялікай групай, 20-30 чалавек, будуць сур'ёзныя праблемы з уладамі, а святара могуць прыцягнуць да адказнасці за «масавую акцыю».
«Праблем не будзе, калі малітвы адбываюцца на тэрыторыі касцёла. Аднак, калі ладзіць шэсце ў горадзе, патрэбнае пагадненне з камунальнымі службамі, міліцыяй, хуткай дапамогай. А гэта каштуе вельмі вялікіх грошай. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з іншымі біскупамі ўжо адправілі лісты ва ўрад. Цяпер чакаем адказу, ці будуць нас уважаць за свецкі мітынгам або рэлігійны. Будзем маліцца аб тым, каб улады разумелі патрэбы вернікаў. Бо мы плацім падаткі на ўтрыманне ўсіх пералічаных вышэй інстытутаў. Навошта другі раз яшчэ плаціць? Гэта ж беларусы ходзяць у пілігрымкі, а не замежнікі. У нас жа вельмі шмат пілігрымак праводзіцца штогод, і ў Будслаў, і ў Тракелі, і ў Лагішын, у Рось і шмат дзе ў Беларусі», - каментуе сітуацыю ксёндз Антоні Грэмза, віцэ-канцлер гарадзенскай курыі.
Дзеля пастановы не будзе таксама спаборніцтваў у рыбалцы
Ад новай пастановы пацярпелі таксама і гарадзенскія аматары рыбалкі, якія сёлета не змогуць правесці штогадовыя спаборніцтвы, якія праводзіліся апошнія 30 гадоў.
«Перад атрыманнем дазволу з гарвыканкама мы, як і ўсе недзяржаўныя арганізацыі, павінны спачатку падпісаць пагадненні з міліцыяй, камунальнікамі, выратавальнай станцыяй і хуткай дапамогай. Да гэтага моманту мы не маем права паведамляць пра запланаваную акцыю. А пасля правядзення на працягу тыдня мы павінны ўсё аплаціць», - кажа Васіль Быкаў, сябра адзінага ў краіне клуба, які аб'ядноўвае выключна аматараў рыбалкі.
Усяго пад паняцце «масавае мерапрыемства» у беларускім законе трапляюць: сходы, мітынгі, вулічныя шэсці, дэманстрацыі, пікеты, а таксама іншыя мерапрыемствы: спартыўныя, культурныя, рэлігійныя, якія праводзяцца ў не прызначаных спецыяльна для сустрэч месцах, пад адкрытым небам або ў памяшканні . Паводле новай пастановы, аплата паслуг органаў міліцыі складае: 3 базавыя велічыні - за падзея з удзелам да 10 чалавек; 25 базавых велічынь - ад 11 да 100 чалавек; 150 базавых велічынь - ад 101 да 1000 чалавек; 250 базавых велічынь - больш за 1000 чалавек. Дзеянне пастановы не распаўсюджваецца на мерапрыемствы, правядзенне якіх фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў.
Юрыст Алег Агееў лічыць пастанову прамым парушэннем правоў грамадзян.
«Умовы, якія стварыла дзяржава для рэалізацыі права правядзення масавых мерапрыемстваў, створаны такія, каб людзям немагчыма было сабрацца. Гэта прамы абавязак дзяржавы - аплачваць бяспеку масавых акцый. Менавіта ўлады за кошт падаткаў павінны аплачваць працу міліцыі, хуткай дапамогі, камунальных службаў», - кажа Агееў.