Ператрус на «Белсаце»: Усё, што трэба ведаць
- 9.04.2019, 17:34
Ператрус у адным з менскіх офісаў незалежнага тэлеканала доўжыўся чатыры гадзіны.
Раніцай 9 красавіка ў адзін з менскіх офісаў «Белсата» на вуліцы Кастрычніцкай прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Следчага камітэта. Распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 188 Крымінальнага кодэксу – «Паклёп».
Што адбылося?
А 08:20 у офіс, дзе знаходзіўся прадстаўнік тэлеканала Мікалай Дзябёла, па дамафоне патэлефанавала жанчына, нібыта з ЖЭСа, і сказала, што «трэба праверыць гарачую ваду». Дзябёла не адкрыў. Але праз 10 хвілін каля дзвярэй офіса ўжо стаялі людзі ў масках. Яны не прадставіліся, таму журналіст не адчыніў дзверы. Неўзабаве яму патэлефанавалі на мабільны «са Следчага камітэта» і паведамілі, што будуць праводзіць следчыя дзеянні. Тым часам аператыўнікі атрымалі балгарку, каб узламаць дзверы. Ён адкрыў іх сам, каб работнікі СК не пашкодзілі маёмасць.
Ператрус доўжыўся 4 гадзіны: у выніку СК канфіскаваў усе носьбіты інфармацыі: 5 кампутараў, сістэмныя блокі, флэш-карты. Трапіць у офіс было немагчыма: на ўваходзе ў пад'езд дзяжурыў міліцыянт, які не прапускаў журналістаў. Сувязь з Дзябёлам адсутнічала.
Праз 4 гадзіны журналісты ўсё ж патрапілі ў офіс і ўбачылі наступствы ператрусу: ва ўсіх пакоях былі раскіданыя рэчы, у адным зламалі шафу, з яе знялі дзверцы.
Пазіцыя ўладаў
Афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч заявіў:
«Следчым камітэтам расследуецца крымінальная справа на падставе ч.2 арт.188 (паклёп) КК, распачатая пракуратурай горада Менска, аб распаўсюдзе на сайце тэлеканала «Белсат» выдумак паклёпніцкага характару».
Паводле Кабаковіча, падчас расследавання былі атрыманыя звесткі пра месцазнаходжанне кампутарнай тэхнікі, «з дапамогай якой, як мяркуецца, і былі распаўсюджаныя ў інтэрнэце загадзя ілжывыя звесткі». Раней пракуратура ўжо праводзіла праверку паводле гэтай справы і апытвала некаторых журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».
Цяпер не вядома, хто праходзіць як падазраваны ў справе. Статус Мікалая Дзябёлы – « прысутны пры ператрусе». На допыт пакуль не выклікалі ні яго, ні каго-небудзь іншага.
Аб якім матэрыяле гаворка?
Улетку журналіст Алесь Залеўскі падрыхтаваў відэасюжэт аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя, дзе паведамлялася аб затрыманні кіраўніка дзяржпрадпрыемства «Медтэхнацэнтр» Алега Шведа. Але ў тэкставай версіі на сайце з'явілася паведамленне, што затрыманы і ягоны брат, кіраўнік камітэта судовых экспэртыз Андрэй Швед, што не адпавядала рэчаіснасці.
У канцы ліпеня «Белсат» на сваім сайце зняпраўдзіў інфармацыю і папрасіў прабачэння перад чыноўнікам.
У лістападзе 2018 года СК прыняў пастанову не распачынаць крымінальную справу, аднак у студзені 2019 года яе ўсё ж завяла Менская гарадская пракуратура.
Пазіцыя журналістаў
Кіраўніцтва тэлеканала звязвае ўзмацненне ціску з жаданнем уладаў перашкодзіць працы «Белсата» ў Беларусі.
«Тое, што адбываецца цяпер, я ўважаю за помсту (не за канкрэтную памылку, а за само існаванне «Белсата»), таксама для сілавікоў гэта магчымасць «патрэсці» нашы кампутары, узламаць мэсэнджары, націснуць на журналістаў», – напісаў у сваім Facebook кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсата» Зміцер Ягораў.
Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі адзначыў:
«Пазіцыя БАЖ нязменная: з Крымінальнага кодэкса павінны быць прыбраныя ўсе артыкулы за дыфамацыю (паклёп, абразу). Такія справы павінны разглядацца выключна ў рамках грамадзянска-прававых дачыненняў. Не павінна быць так, што адзін чалавек адчуў сябе абражаным, а на ягоную абарону становіцца ўся дзяржаўная машына, міліцыя, следчыя і гд».
Гарэцкі звяртае ўвагу, што такую пазіцыю падтрымлівае ў сваіх дакументах і АБСЭ і ААН, і іншыя міжнародныя арганізацыі.
***
«Белсат» з моманту свайго стварэння рэгулярна зазнае ціск з боку ўладаў і сілавікоў. Асабліва ён узмацняецца на фоне перадвыбарных кампаній або пратэстаў у Беларусі. З ператрусамі ў офісы прыходзілі і ў 2010, і ў 2017. Журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам, штрафуюць, затрымліваюць, а часам затрымліваюць на «суткі». Цягам апошніх двух гадоў журналісты выплацілі штрафаў на суму, большую за 87 тысяч даляраў.