Сын мільярдэра Іванішвілі падтрымаў пратэсты ў Тбілісі
- 23.06.2019, 17:58
Cын старшыні кіроўчай партыі «Грузінская мара» падтрымаў свабодалюбных суайчыннікаў.
Арганізатары бестэрміновай акцыі пратэсту ў Тбілісі заявілі на мітынгу каля будынка грузінскага парламента, што калі да 19-й гадзіны мясцовага часу 23 чэрвеня ўлады не вызваляць дэманстрантаў, затрыманых і асуджаных за ўдзел у сутыкненнях з паліцыяй, якія адбыліся ў ноч на пятніцу, то ўвечары ў нядзелю на цэнтральным праспекце Руставелі пачнецца галадоўка пратэсту, паведамляе svoboda.org.
Дэманстранты таксама патрабуюць неадкладнай адстаўкі міністра ўнутраных справаў Георгія Гахара, які аддаў загад на выкарыстанне сілы.
У выніку сутыкненняў каля будынка парламента пацярпелі 240 чалавек, у тым ліку 80 паліцыянтаў, атрымалі калецтвы рознай ступені цяжкасці. Два дэманстранты страцілі вочы ад трапляння гумавай кулі.
Нечакана для многіх пратэсты падтрымаў рэпер Бера Іванішвілі – сын старшыні кіроўчай партыі "Грузінская мара", мільярдэра Бідзіны Іванішвілі. "Далучаю свой голас да голасу свабодалюбных суайчыннікаў. Мы нікому не саступім нашай свабоды", – напісаў Бера Іванішвілі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Увечары ў суботу шматтысячная калона дэманстрантаў рушыла з праспекта Руставелі, дзе ўсе гэтыя дні разгортваліся падзеі, да Палаца Цара Растома, дзе знаходзіцца галоўны офіс кіроўчай партыі. Пасля невялікай акцыі пратэсту дэманстранты мірна разышліся. Паліцыя ніяк не ўмешвалася ў развіццё падзей. А офіс быў, у сутнасці, пусты.
Апошнія два дні мітынг на праспекце Руставелі набыў крыху іншы характар, чым у чацвер: асноўнымі аратарамі сталі студэнты альбо лідары моладзевых арганізацый і НКА. Яны ўвесь час падкрэсліваюць, што мітынг носіць "апалітычны" характар і ягонымі арганізатарамі з'яўляюцца самі студэнты.
Лідары апазіцыйных партый хоць і прысутнічаюць на мітынгу, але выступаюць рэдка. Прычына ў тым, што многіх маладых людзей раздражняюць палітыкі, у тым ліку і паплечнікі экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі.