BE RU EN

Мінфін РФ: З нафтай за $ 20 Расія працягне тры гады

  • 26.10.2020, 16:51

Траціна сродкаў расейскага Фонду нацыянальнага дабрабыту ўжо выдаткаваная.

Сродкаў Фонду нацыянальнага дабрабыту стане на кампенсацыю дэфіцыту бюджэту на працягу трох гадоў, калі цана нафты ўпадзе да 20 даляраў за барэль.

Пра гэта міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў у інтэрв'ю на тэлеканале «Расія-24» у панядзелак, піша finanz.ru.

На 1 кастрычніка агульны памер ФНБ дасягаў 172,3 млрд даляраў, з якіх, зрэшты, блізу траціна ўжо выдаткаваная - на выкуп акцый Сбербанка, падтрымку «Аэрафлота», укладанні ў інфраструктурныя праекты, дзяржаўныя банкі і спробу выратаваць Віктара Януковіча ў апошнія месяцы ўлады.

Ліквідная, гэта значыць нявыкарыстаная частка фонду - у выглядзе замежнай валюты на рахунках у ЦБ - складае 113,8 млрд даляраў, або 8,7 трыльёна расейскіх рублёў паводле бягучага курсу.

Гэта больш за парог 7% УБП, які Мінфін уважае за «бяспечны», падкрэсліў Сілуанаў. «Гэта - тая граніца, які дазваляе нам у межах трох гадоў фінансаваць выдаткі пры падзенні цаны нафты да ўзроўню блізка 20 даляраў за барэль», - сказаў ён.

ФНБ прызначаны для засцярогі ад зніжэння цаны нафты, аднак калі сродкаў не выстарчыць, то можа спатрэбіцца рост пазычання або пераразмеркаванне сродкаў унутры бюджэту, папярэдзіў Сілуанаў.

«Да канца гэтага года ў нас дзейнічае пастанова ў рамках агульнанацыянальнага плана аднаўлення эканомікі, - нагадаў ён. - Гэты план будзе дзейнічаць і налета. І на наступны год таксама прадугледжаныя неабходныя рэсурсы. А хочацца спадзявацца, што мы зможам абысціся тымі планавымі развязкамі і не будзем рабіць нейкіх дадатковых незапланаваных захадаў».

Толькі паўгода таму, у сакавіку, Міністэрства фінансаў ацэньвала магчымасці жыць на грошы з «нафтагазавай скарбонкі» значна вышэй. Ліквідных актываў ФНБ, якія на той момант ацэньваліся на 10 трлн рублёў, выстарчыць для кампенсацыі нястачы бюджэтных паступленняў на працягу 6-10 гадоў пры цане нафты 25 даляраў, заяўляў Мінфін.

Сёлета ўлады мерацца ўзяць з фонду толькі 340 млрд рублёў, каб прафінансаваць дэфіцыт скарбу, які пад канец года ацэньваецца на 4% УБП, або 4,5 трлн рублёў.

Налета з ФНБ будзе скарыстана 95 млрд рублёў, а з 2022-га Мінфін мерыцца зноў замест выдаткавання пачаць назапашванне фонду, адпраўляючы ў яго блізу 700 млрд рублёў штогод.

Латаць бюджэт ва ўрадзе, нагадаем, наважылі узмоцненым прыцягненнем дзяржаўнай запазычанасці- 4,4 трлн сёлета, 2,76 трлн - налета, 2,1 трлн - у 2022-м і 2,39 трлн - у 2023-м.

Такія сумы Мінфін заклаў у праект бюджэту на наступныя тры гады, які Дума пачне разглядаць 28 кастрычніка.

ФНБ, які стаў «спадкаемцам» сабранага яшчэ ў 2000-х гадах стабілізацыйнага фонду, пачаў актыўна папаўняцца ў 2017 годзе, калі пачало дзейнічаць бюджэтнае правіла: Міністэрства фінансаў змяшчала ў рэзэрвы ўсе прыбыткі бюджэту ад нафты даражэйшай за 40 даляраў за барэль.

Да пачатку крызісу ў фондзе было назапашана 150 млрд даляраў ліквідных актываў, размешчаных у кошык з даляраў (45%), еўраў (45%) і фунтаў стэрлінгаў (10%).

Апошнія навіны