BE RU EN

Лех Валенса: Я хачу, каб у беларусаў усё атрымалася

  • 26.10.2020, 21:01

Першы прэзідэнт Польшчы даў пажаданні рабочым, якія страйкуюць у Беларусі.

26 кастрычніка кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі сустрэўся ў Гданьску з Лехам Валенсам, першым прэзідэнтам Польшчы. Сустрэча з лідарам, які перамог камунізм, супала з пачаткам народнай забастоўкі ў Беларусі. У офісе Леха Валенсы абмяркоўваліся пытанні рабочых прафзвязаў і маральнага духу страйкоўцаў. Сяргей Дылеўскі задаваў пытанні, Лех Валенса дзяліўся ўласным досведам кіравання стачкамам у 1980-я, паведамляе «Польскае радыё».

Лех Валенса падтрымлівае беларусаў, захапляецца іх адвагай і жадае поспеху. Першы прэзідэнт Польшчы выказаў гатоўнасць дапамагаць беларусам усімі спосабамі, пры гэтым падкрэсліўшы той факт, што асноўная праца зараз адбываецца ўнутры Беларусі. «Тыя, хто апынуўся за мяжой, павінны забяспечваць фінансавую падтрымку і лагістыку, але асноўная ваша надзея - на чалавечыя рэсурсы, якія працягваюць змагацца ўнутры краіны. Мне вельмі хочацца, каб у беларусаў усё атрымалася», - сказаў Лех Валенса. Ён дадаў, што беларусы павінны быць гатовыя да таго, што рэжым будзе замінаць страйку ўсімі магчымымі спосабамі, але людзі не павінны гэтага баяцца. Менавіта забастоўкі рабочых набліжаюць перамогу народа над рэжымам.

«Барацьба працоўных за свае правы ў Польшчы была вельмі доўгай і цяжкай, яна расцягнулася на гады. Мы спадзяёмся справіцца хутчэй», - заявіў Сяргей Дылеўскі. Былы кіраўнік страйкаму Менскага трактарнага завода і сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады пакінуў Беларусь у сувязі з асцярогамі за ўласную бяспеку. Да гэтага Дылеўскі адбыў 25-дзённы арышт. 11 кастрычніка кіраўніцтва МТЗ вымусіла яго звольніцца, прыстрашыўшы пазбавіць працы бацькоў, якія таксама працуюць на МТЗ. Усяго Сяргей Дылеўскі прапрацаваў на МТЗ 12 гадоў.

«Нам у Беларусі не даюць рэгістраваць незалежныя прафзвязы», - казаў Сяргей. Лех Валенса адказваў: «А вы не звяртайце на гэта ўвагу, праца рэжыму - ствараць вам цяжкасці. Важная не рэгістрацыя прафзвяз на паперы, важныя самі людзі».

Перад тым, як стаць на чале прафзвязу «Салідарнасць», Лех Валенса быў электрыкам Гданьскай суднаверфі. У 1983 г. атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, а ў 1990 годзе стаў першым прэзідэнтам Польшчы, прабыўшы на гэтай пасадзе пяць гадоў. «Салідарнасць» спрыяла звяржэння камуністычнага рэжыму ў Польшчы, таму рабочых Гданьскай суднаверфі праз 40 гадоў памятаюць і шануюць ва ўсім свеце як герояў. Пасля Леха Валенсы ў Рэспубліцы Польшча змянілася чатыры прэзідэнты.

Апошнія навіны