Святлана Ціханоўская заклікала падтрымаць заводы і прадпрыемствы, якія страйкуюць
- 27.10.2020, 16:58
Забастоўка прадаўжаецца.
Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская мяркуе, што рэжым Лукашэнкі баіцца забастовак і заклікае падтрымаць пратэст рабочых. Пра гэта гаворыцца ў заяве яе прэс-службы.
«Страйк прадаўжаецца. Мы ведаем, што проста цяпер супрацоўнікі заводаў і прадпрыемстваў адмаўляюцца здаваць і прымаць змены, супрацьстаяць сілавікам і рэпрэсіўным загадам кіраўніцтва і падаюць усё новыя заявы аб далучэнні да стачкі. На работнікаў «Гродна Азоту, МАЗ, МЗКЦ, МЭТЗ і іншых заводаў адбываецца каласальны ціск - і ім патрэбная наша каласальная падтрымка. Здымайце відэа і рабіце фота ў падтрымку, цэхамі або брыгадамі, і дасылайце ў боты або чаты заводаў. Публікуйце ў сваіх сацсетках, выходзьце на акцыі, кажыце пра гэта іншым.
Калі мы дапаможам заводам страйкаваць, яны дапамогуць нам перамагчы. Рэжым баіцца гэтай сілы і рэагуе на яе. У адной з размоў з лідарамі стачкамаў яны сказалі мне важную рэч: «Салідарнасць - наша найлепшая страхоўка ад паразы». Уся гісторыя Беларусі з лета 2020 года паказвае, што гэта праўда. Падтрымайце МАЗ, «Гродна Азот», МЭТЗ, МЗКЦ і ўсе заводы і прадпрыемствы, на якіх цяпер ідзе барацьба за нашу з вамі новую Беларусь. Падтрымайце студэнтаў і выкладчыкаў, якія другі дзень страйкуюць разам з заводамі. Падтрымайце кожнага, хто абвясціў страйк за нашу з вамі будучыню. Памятайце: кожны актыўны мірны крок набліжае нас да таго, што гвалт скончыцца, палітвязні выйдуць на свабоду і мы нарэшце правядзем новыя сумленныя выбары», - мяркуе Святлана Ціханоўская.